Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здрабне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які здрабнеў; дробны, схуднелы, нязначны. Здрабнелы твар. Здрабнелая жывёла. □ Мастак адказвае за кожнае слова, за кожную коску, ён павінен помніць, што літаратура не церпіць дробных тэм, здрабнелых пачуццяў, бяздумнага апісальніцтва. Грахоўскі.

здрабне́нне 1, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. здрабнець. Здрабненне плямён. Здрабненне жывёлы.

здрабне́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. здрабняць — здрабніць. Здрабненне кармоў. Здрабненне сіласнай масы.

здрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць дробным, драбнейшым (па велічыні, памерах). І ўдалечыні ўсё адсунулася назад, здрабнела і ледзь віднелася праз белую смугу зімовага дня. Чарнышэвіч. Вецер пачаў сунімацца, дождж здрабнеў, і ў небе крыху пасвятлела. Ляўданскі. // Схуднець, змізарнець. Твар здрабнеў.

2. перан. Страціць значнасць, стаць менш істотным. Работу сваю Марына палюбіла і праз нейкі месяц зразумела, што .. адразу здрабнелі ўсе іншыя інтарэсы. Грамовіч.

здрабні́цца, здробніцца; зак.

Скрышыцца, стаць дробным.

здрабні́ць, здрабню, здробніш, здробніць; зак., што.

1. Зрабіць дробным, драбнейшым. Здрабніць сілас.

2. перан. Зрабіць менш значным, менш істотным. Здрабніць ідэйны замысел твора.

здрабня́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да здрабняць.

здрабня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да здрабніць.

здра́віца, ‑ы, ж.

Тост за здароўе; кароткая прамова з пажаданнем здароўя. Здравіца ў гонар пераможцаў.

здра́да, ‑ы, М ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 1 знач.); вераломства. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 2 знач.). Здрада ідэалам. □ Як самае нікчэмнае падзенне, народная мудрасць асуджае здраду звычаям свайго народа. Шкраба. // Парушэнне сямейнай вернасці, вернасці ў каханні. Урэшце рэшт скончылася тым, што дзяўчына знайшла больш уважлівага хлопца і вышла замуж. Андрэй балюча перажываў здраду. Шамякін.

здра́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здрадзіць.