Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

віхо́р 1 і ві́хар, ві́хру, м.

1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.

2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.

3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.

віхо́р 2, ‑хра́, м.

Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.

віхрава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З віхрамі. Віхраватая галава.

віхравы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае дачыненне да віхру ​1. Віхравы вецер. Віхравы рух.

віхра́сты, ‑ая, ‑ае.

З віхрамі (пра валасы на галаве). Віхрасты чуб. □ Цяпер у гэтым сталым, шыракаплечым чалавеку.. ніхто не пазнаў бы ранейшага віхрастага хлапчука. Шахавец.

віхры́цца, ‑рыцца; незак.

Узнімацца, кружыцца віхрам. Віхрыцца пясок. □ Сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін.

віхры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Узнімаць, кружыць што‑н. віхрам. Вецер ганяў па асфальце паперкі і віхрыў пыл. Карпаў.

2. Віхрыцца. З начной цемры адна за другой выплывалі вадзяныя горы, на вершалінах якіх.. віхрыла пена. Самуйлёнак.

віху́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. Бура, завея, завіруха. Не ціхне бура, стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот. Дарожкі і сцежкі занесла віхура, Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар. Купала. / у перан. ужыв. Гэй, вольная песня, імкніся, ляці ты На крыллях маланак, віхураў агністых. Танк.

2. Паэт. Імклівы віхравы рух. Скрыпач закончыў «Крыжачка». І ў лагерным прылеску Шуміць віхура гапака, Гучыць «Малдаванэску». Калачынскі.

віху́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да віхуры; падобны на віхуру. Віхурны зімовы вечар. Віхурны век.

віху́рысты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на віхуру; бурны, хуткі. У гэты момант праз расчыненую фортку акна мы пачулі дзікі галчын лямант, віхурысты пошум мноства крылаў у паветры. Паслядовіч.

віху́рыцца, ‑рыцца; незак.

Тое, што і віхрыцца.