вірлаво́кі, ‑ая, ‑ае.
З вялікімі лупатымі вачамі. Соўкі, соўкі-савяняты, Вірлавокія блізняты, Яны ўселіся на сук. Хведаровіч. Распяўся кажан у падстрэшшы. Пугач вірлавокі дрэмле. Барадулін.
вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць. Зарыцкі. // Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах. Лупсякоў.
2. перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні. Сабаленка. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы. Асіпенка.
вірлі́ць, ‑ліць; незак.
Разм. Тое, што і віраваць (вірыць). Далёка ўнізе вірліла, пенілася рака. Лынькоў. Але жыццё Вірліць пайшло іначай І старадаўшчыну Забрала ў палон. Чарот.
віро́к, ‑рка, м.
1. Памянш. да вір (у 1 знач.); малы вір. На чорнай плыні ўсюль віры і віркі. Пташнікаў.
2. Прыстасаванне для звівання нітак. Часам мужчыны памагалі Ганне змотваць ручайкі. Тады ў хаце стаяў ціхі і аднастайны трэск вірка. С. Александровіч.
віртуо́з, ‑а, м.
Артыст (звычайна музыкант), які выдатна валодае тэхнікай свайго мастацтва. Віртуоз-скрыпач. // Чалавек, які дасягнуў вышэйшай ступені майстэрства ў сваёй рабоце. У паэме «Пан Тадэвуш» Міцкевіч паказаў сябе майстрам-віртуозам. Лойка.
[Іт. virtuoso.]
віртуо́знасць, ‑і, ж.
Выдатнае тэхнічнае майстэрства артыста. // Вышэйшая ступень майстэрства ў якой‑н. справе.
віртуо́зны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы віртуозу. Віртуозная тэхніка ігры. // Які патрабуе ўмелага, майстэрскага выканання. Віртуозная п’еса. Віртуозны эцюд. Віртуозны танец.
віруле́нтнасць, ‑і, ж.
Спец. Сукупнасць хваробатворных уласцівасцей узбуджальнікаў заразных хвароб. Вірулентнасць мікроба.
віруле́нтны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Хваробатворны.
[Ад лац. virulentus — ядавіты.]