вільгатнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Крыху вільготны; сыраваты. Вільгатнаватая бялізна. Вільгатнаваты пясок.
вільгатне́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца вільготным. Вільгатнее паветра.
ві́льгаць, ‑і, ж.
Вада, вадкасць. Дрэвы прагнулі вільгаці і спускалі, скручвалі лісце. Шамякін. І вочы.. [маці] затуманіліся, зноў укрыліся здрадніцкай вільгаццю. Лынькоў. // Сырасць. Вечарэла. З балот пацягнула цёплаю вільгаццю. Колас. Вільгаць ішла з лясоў і туманамі асядала на голую зямлю. Чорны.
вільгацяме́р, ‑а, м.
Прылада для вызначэння вільготнасці газаў, пары і цвёрдых матэрыялаў.
вільго́тна,
1. Прысл. да вільготны.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць вільгаці, сырасці. У лесе стала яшчэ больш глуха, ціха і вільготна. Колас.
вільго́тнасць, ‑і, ж.
Наяўнасць вільгаці ў чым‑н., ступень насычанасці вільгаццю. Вільготнасць глебы.
вільго́тны, ‑ая, ‑ае.
Насычаны, пакрыты вільгаццю; мокры. Плуг шуршэў пад скібаю, раскідаў вільготную зямлю на крыгі-кавалкі. Баранавых. — Мне цёпла, — адказаў хлапец і, зняўшы вушанку, прыгладзіў вільготны чуб. Кулакоўскі. // У якім залішне многа вільгаці; сыры. Вільготны склеп. Вільготны клімат. □ Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі.
вільну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да віляць (у 1, 2 знач.).
2. Разм. Хутка знікнуць. Вільнуць за дзверы.
•••
Хвастом вільнуць — раптоўна знікнуць, дзе і дзецца.
ві́льчык, ‑а, м.
Верхні стык даху, страхі; канёк. Першая абора была ўжо пакрыта: вільчык прыкладзены кастрыцай, са страхі спушчана ўсё пазаддзе. Сабаленка.