ветра...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «вецер», напрыклад: ветрасілавы, ветраўстойлівы.
ветраахо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які ахоўвае ад ветру. Ветраахоўная паласа лесу.
ветрабо́й, ‑ю, м., зб.
Сухое галлё, ламачча, збітае з дрэў ветрам. Парк зноў зрабіўся густы, — не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі. Караткевіч.
ветраве́й, ‑ю, м.
Паэт. Вецер. На ветравеях, нібы воўка, Плывуць хмурынкі так чароўна. Колас.
ве́травы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ветру. Смалісты пах разносіцца такі, Што п’еш яго ў ветравым павеве. Колас. Пад ветравым подыхам Вольха сухая рыпіць і рыпіць. Барадулін.
ветравы́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Прызначаны для аховы ад ветру. Ветравы шчыток. Ветравое шкло.
2. Такі, у якім вецер з’яўляецца рухаючай сілай. Ветравы рухавік.
3. Тое, што і ветравы.
ветраго́н, ‑а, м.
1. Разм. неадабр. Легкадумны, пусты чалавек. Былі .. [хлапчукі] малыя, неразумныя ветрагоны. Шынклер. — Не жонка, а ветрагон, — сказала маці. — Гатаваць абеды не збіраецца... Ды на тых харчах, што ў сталоўцы, ногі выцягнеш... Гаўрылкін.
2. Спец. Прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра.
ветраго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. неадабр. Жан. да ветрагон (у 1 знач.).
ве́тразь, ‑я, м.
Паэт. Парус. Нахіліўся ветразь, Човен хвалі рэжа. Пушча. Мірна на тонях, нібыта лілея, ветразь рыбацкі далёка бялее. Вялюгін.
ветрало́м, ‑у, м., зб.
Дрэвы, паваленыя ветрам; буралом. Дзе спарахнелы палёг ветралом, Дасвеццем спыніліся мы. Зарыцкі.
ветраме́р, ‑а, м.
Прылада для вызначэння сілы ветру.