Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бункерава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Спец. Засыпаць у бункер. Бункераваць збожжа.

бу́нкерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бункера. Бункерны рукаў. Бункернае перакрыцце.

бункеро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Спец. Тое, што і бункераванне.

бункеро́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які заняты бункераваннем.

бунт 1, ‑у, М ‑нце, м.

Стыхійнае паўстанне, мяцеж. Стралецкі бунт. Кулацкі бунт. □ Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Колас. // Спрэчка, сварка. [Гаспадыня:] — Ды яна [наймічка], разбойніца, бунт узняла. Не пайду, кажа, у Граева служыць. Бажко. // перан. Пратэст, абурэнне. У грудзях яе [Мікалаеўны] пачаўся сапраўдны бунт зняважаных пачуццяў. Гамолка.

бунт 2, ‑а, М ‑нце, м.

Звязак, кіпа; стос.

[Ад ням. Bund — звязак.]

бунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Тое, што і бунтаваць (у 1 знач.).

2. Разм. Быць усхваляваным, хвалявацца. — Спакойна, хлопцы. — Гэтымі словамі.. [Салаўёў] імкнуўся заспакоіць і сябе, бо ўнутры ўсё бунтавалася — так не хацелася адыходзіць ні з чым.. Шахавец.

бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.

1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.

2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.

бунта́р, ‑а, м.

Удзельнік бунту ​1. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў працаваць усе лясы аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. // Той, хто пратэстуе супраць чаго‑н., хто заклікае да рашучых дзеянняў, да перавароту ў чым‑н. [Абаронца:] — Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі універсітэт, наступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікамі і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Колас.

бунта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да бунтар.

бунта́рны, ‑ая, ‑ае.

Прасякнуты бунтарскім духам. Тут спатыкаў, казалі людзі, бунтарных хлопцаў ён [Янка] падчас. Машара. У юнацтве ж Мікола быў куды больш бунтарнай натурай, чым Цішка. Навуменка.