Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

буке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

1. Падабраныя і прыгожа складзеныя ў пучок кветкі. Букет ружаў. □ А праз тры дні Стась з вялікім букетам ружовых цюльпанаў у руках крочыў у школу. Хомчанка. // Пра якія‑н. прадметы, складзеныя ў пучок. Дзяўчына з іх [сяброў] кампаніі, якая несла цэлы букет рознакаляровых шароў, падбегла да дома і выпусціла нітку. Шыцік.

2. Сукупнасць пахавых і смакавых уласцівасцей чаго‑н. Букет чаю. Букет віна.

[Фр. bouguet.]

буке́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да букета.

букеці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак. і зак., што.

Праводзіць (правесці) букеціроўку. Букеціраваць прапашныя культуры.

букеціро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Спосаб догляду прапашных культур, пры якім суцэльныя рады раслін шляхам папярочнага абганяння разбіваюць на асобныя групы.

букіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прадавец рэдкіх і старых кніг.

[Фр. bouquiniste.]

букіністы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да продажу і куплі рэдкіх і старых кніг. Букіністычны магазін.

букле́, нескл., н.

Спец. Гладзевая тканіна з няроўнай вузлаватай паверхняй, прызначаная ў асноўным для жаночых паліто і касцюмаў.

[Фр. boucle.]

букле́т, ‑а, М ‑леце, м.

Выданне, надрукаванае на адным лісце і складзенае ў выглядзе гармоніка; прыстасавана для чытання або разгляду не разразаючы старонак. Буклет-даведнік. Буклет «Літаратурны музей Янкі Купалы».

[Фр. bouclette.]

бу́клі, ‑яў; адз. букля, ‑і, ж.

Уст. Завітыя кольцамі пасмы валасоў. Запамінаецца.. вобраз «прафесаршы», старой паважнай жанчыны ў пенснэ, са старанна падкручанымі сівымі буклямі. Шкраба. Фройляйн з рыжымі буклямі ўзяла.. вялізную, тоўстую кнігу, разгарнула яе, павадзіла пальчыкамі па старонцы... Брыль.

[Фр. boucles.]

буко́ліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

Жанр антычнай паэзіі, якая паказвала побыт пастухоў, ідэалізавала вясковае жыццё, проціпастаўляючы яго гарадской культуры.

[Грэч. bukolika.]