Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

будаўні́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да будаўніка. Будаўніцкія кадры.

будаўні́цтва, ‑а, н.

1. Узвядзенне будынка або якога‑н. іншага збудавання. Будаўніцтва завода, школы.

2. Будаўнічы аб’ект. Паехаць на будаўніцтва. □ На будаўніцтва Сілевіцкай ДРЭС Наташа трапіла ў сярэдзіне жніўня. Краўчанка.

3. Развіццё народнай гаспадаркі і культуры шляхам будавання новых вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў культуры. Прамысловае будаўніцтва. Калгаснае будаўніцтва. Культурнае будаўніцтва. Капітальнае будаўніцтва. Зялёнае будаўніцтва. Тэмпы будаўніцтва. □ Вытворчая брыгада, якая нарадзілася яшчэ на заранку калгаснага будаўніцтва, і да гэтага часу застаецца асноўным звяном гаспадарання. Машэраў.

4. Стварэнне, арганізацыя новых гаспадарчых і культурных умоў жыцця. Сацыялістычнае будаўніцтва. Будаўніцтва камунізма. □ Зроблена ўсё магчымае для забеспячэння ўмоў мірнага будаўніцтва ў нашай краіне і ў брацкіх краінах сацыялізма, для міру і бяспекі ўсіх народаў. Брэжнеў.

будаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да будаўніцтва, выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Будаўнічы матэрыял. Будаўнічая тэхніка. Будаўнічыя работы.

2. Які мае адносіны да будаўнікоў, складаецца з будаўнікоў, належыць ім. Пачалася гутарка з будоўлі, і Сцяпан Лявонавіч выказаў думку, што трэба павялічыць будаўнічую брыгаду. Дуброўскі. // Звязаны з падрыхтоўкай будаўнікоў. Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі.

бу́дачнік, ‑а, м.

Той, хто нясе каравульную службу ў будцы, жыве ў каравульнай, чыгуначнай будцы. Ідзе Сцёпка,.. мінае чырвоныя домікі будачнікаў, пераезды. Колас. // У дарэвалюцыйнай Расіі — паліцыянт, які глядзеў за парадкам на вуліцы, знаходзячыся ў будцы.

бу́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да будкі. Будачнае акенца.

бу́дзе,

1. 3 ас. буд. ад быць.

2. Разм. Хопіць, даволі, дастаткова. З’еў трохі і будзе.

бу́дзень, ‑дня; мн. будні, ‑дняў; м.

1. Будны, не святочны дзень. Ці то ў будзень, ці то ў свята, Як адчыніш толькі дзверы — У каго які занятак, Можна ведаць па кватэры. Непачаловіч.

2. перан. Штодзённае жыццё. Працоўныя будні. □ Мы ідзём з пуцёўкаю райкома праз гарачыя крутыя годы ў камунізма будзень, як дадому. Вялюгін. Не выгрызе сцежкі Асенняя злосць, Дзе творыцца новы І радасны будзень. Хадыка.

будзёнавец, ‑наўца, м.

Баец Першай Коннай арміі, якой камандаваў С.М. Будзённы ў гады грамадзянскай вайны. Сцёпа і цешыўся з жарэбчыка, і пяшчотна гладзіў па лысінцы, і называў яго самымі ласкавымі словамі. А гэта дзядзьку Мікалаю, старому будзёнаўцу, надта спадабалася. Якімовіч. Ішла будзёнаўцаў калона, Спынілася ля нашых хат. Бялевіч.

будзёнаўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак, ж.

Шлем, які насілі чырвонаармейцы ў перыяд грамадзянскай вайны.

будзённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць будзённага.