Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

батарэ́ец, ‑рэйца, м.

Артылерыст, баец батарэі (у 1 знач.). Уначы Жаўна з групай партызан свайго атрада прабраўся ў тыл ворага, перабіў батарэйцаў і папсаваў гарматы. Шамякін.

батарэ́йка, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. ‑рэек; ж.

Памянш. да батарэя (у 3 знач.). // Электрычны кішэнны ліхтарык, а таксама батарэя для яго. Промні святла з батарэек уздоўж і ўпоперак вуліцы працінала цемру. Пестрак.

батарэ́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да батарэі (у 1 знач.). Батарэйны агонь.

2. Які працуе на энергіі батарэй. На самаробным століку — пішучая машынка «Ундэрвуд» і батарэйны прыёмнік. «Маладосць».

батарэ́я, ‑і, ж.

1. Тактычнае падраздзяленне ў артылерыі і ракетных войсках, якое мае ў сваім саставе некалькі гармат або ракетных установак. Зенітная батарэя. Мінамётная батарэя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй. Новікаў. // Умацаванне, якое служыць пазіцыяй для некалькіх гармат або ракетных установак.

2. Аб’яднанне некалькіх аднатыпных прылад, прыстасаванняў, апаратаў у адзіную сістэму для больш эфектыўнага сумеснага дзеяння. Коксавая батарэя. Радыятарная батарэя.

3. Сукупнасць злучаных паміж сабой крыніц току, энергіі (акумулятараў, гальванічных элементаў і інш.). Атамная, сонечная, анодная батарэя.

4. чаго. Жарт. Шэраг якіх‑н. аднародных прадметаў. [Янушка] вабіла да сябе цэлая батарэя бутэлек, што стаялі на вітрыне на самым відным месцы і паводзілі на вясёлыя думкі. Дайліда.

[Фр. batterie.]

бата́т, ‑у, М ‑аце, м.

Расліна сямейства павоевых, клубні якой багатыя на крухмал і цукар і выкарыстоўваюцца ў кулінарыі і кансервавай прамысловасці; салодкая бульба.

[Ісп. batata.]

батле́ечнік, ‑а, м.

Гіст. Артыст, які ўдзельнічаў у батлеечных спектаклях.

батле́ечны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і батлейкавы.

батле́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.

Гіст. Пашыраны і папулярны ў мінулыя часы на Беларусі перасоўны лялечны тэатр. «Батлейку» трэба разглядаць як арганічнае прадаўжэнне развіцця скамарошых лялечных прадстаўленняў. «Беларусь».

батле́йкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да батлейкі, звязаны з батлейкай. Батлейкавы тэатр.

бато́г, батага, м.; мн. батагі, ‑оў.

Уст. Палка, якая даўней прымянялася для цялеснай кары. Лёс аднолькава нас адзначаў, Але Муж — не той, хто не знаў батагоў, А той, хто пад імі маўчаў. Караткевіч.