Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

басі́дла, ‑ы, м.

Разм. Моцны басісты голас, гук. А от волат «Шчука», нязграбны дзябёлы паравозішча, рыкае густым басідлам, аж шыбы дрыжаць. Шынклер.

басі́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Нізкі па гуку, з характэрным басовым тэмбрам. — Га-га-га-га! — басістым смехам загрымеў на ўсю станцыю Садовіч. Колас.

2. Той, хто валодае басам, спявае басам. Басісты спявак.

басі́ць, башу, басіш, басіць; незак.

Гаварыць, спяваць басам. «Што Сашка, — у сенцах басіць Серафім, — Пагутару з ім я па шчырасці, Гандзя, Даўно ўжо хачу я пагутарыць з ім...». Зарыцкі.

баск,

гл. баскі.

баска́к, ‑а, м.

Гіст. У перыяд татарскага нашэсця — прадстаўнік ханскай улады і зборшчык даніны. Гаворыць паданне: па травах зялёных Па жвірыстых сцежках, па пульхнай раллі Татары к баскаку з натоўпам палонных Дзяўчыну-красуню ў няволю вялі. Ляпёшкін.

ба́скет, ‑а, М ‑кеце, м.

Разм. Тое, што і баскетбол.

баске́т, ‑а, М ‑ке́це, м.

Група роўна падстрыжаных дрэў ці кустоў, якія высаджваюцца ў парку, садзе або па іх межах.

[Фр. bosquet.]

баскетбалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца баскетболам.

баскетбалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да баскетбаліст.

баскетбо́л, ‑а, м.

Камандная спартыўная гульня, пры якой кожная каманда імкнецца закінуць рукамі мяч у падвешаны на слупе кошык (кольца з сеткай) праціўніка.

[Англ. basket-ball.]

баскетбо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да баскетбола; прызначаны для гульні ў баскетбол. Баскетбольная пляцоўка.