Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бараві́на, ‑ы, ж.

Узвышаны ўчастак лесу ў бары. Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Колас. Косцік тупае ад палянкі да палянкі, ад баравіны да баравіны, збірае суніцы і ссыпае іх у свой гарлачык. Даніленка.

бараві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да баравіна. Ад чыгункі да самай шашы Таня, як бывалы чалавек, ведала тут кожную палянку, кожную баравінку, кожнае балотца. Грамовіч.

2. Сорт летняй яблыні, на якой растуць буйныя, светла-жоўтыя з паласатым румянцам кісла-салодкія яблыкі.

3. Плод гэтага дрэва. Налітыя вераснем, ірдзеюць пепінкі шафранныя, папяроўкі, штрэйфлінгі, баравінкі. Кірэйчык.

бараві́ца, ‑ы, ж.

Лясная трава, якая расце па нізкіх мясцінах і па берагах баравых азёр.

баравы́, ‑ая, ‑ое.

Які расце або знаходзіцца ў бары. Захісталася сасонка баравая. Багдановіч. Воз скакаў па карэнні, якім была знітавана ўся баравая дарога. Сабаленка. // Уласцівы бору. Песня ўдалеч плыве, Адгукаецца ціш, баравая. Гілевіч. Ходзіць месяц дазорам па цёплай расе, Баравое жыццё аглядае. А. Александровіч. // Багаты на бары. Вясна ўжо настала, прынесла турботы, Узрушыла птушак і край баравы. Ляпёшкін.

•••

І не шум баравы гл. шум.

барагра́ма, ‑ы, ж.

Спец. Крывая запісу барографа.

[Грэч. baros — цяжар, gramma — запіс.]

барада́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. бароды, ‑аў; ж.

1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы. На галаве — касынка, завязаная пад бараду. Брыль. Андрэйка даставаў да стала толькі барадой. Бядуля. [Коля] як ляжаў тварам уніз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Чорны.

2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч. // перан. Разм. Пра чалавека з такім валасяным покрывам. // У некаторых жывёл і птушак — пучок доўгіх валасоў ці пер’я ля шыі і на грудзях. Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Крапіва.

3. Касмыль недапрадзенай кудзелі льну, воўны. Падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Мележ. // Наогул усё калматае, што нагадвае касмыль. З-пад барабана выскачыла першая вялікая пакамечаная барада саломы. Васілевіч. Лес глядзіць з-пад зялёных веек самацветамі воч птушыных, .. аганькамі ўспыхнуўшых красак, вугалькамі суніц і касцянак, што гараць на бародах моху... Арочка. // Зблытаныя ніткі, лёска і інш. І толькі тут, на беразе возера, даведаўся я, што за машына гэты спінінг! Размахнуўся першы раз — у куст блясну ўсадзіў. Махнуў другі раз — «бараду» зрабіў, ды такую, што разблытаў яе толькі праз тыдзень. Шашкоў.

4. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі пры заканчэнні жніва. З каласоў завязалі [жнеі] Бараду, як вялося. Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілося. Калачынскі.

•••

Анекдот з барадою гл. анекдот.

Дзіравая барада — пра таго, хто, едучы, абліваецца стравай.

Казліная барада — рэдкая, вузкая, непрыглядная барада.

Навіна з барадою гл. навіна.

Смяяцца ў бараду гл. смяяцца.

барада́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.

2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.

барада́ч, ‑а, м.

1. Разм. Чалавек з барадой (у 2 знач.). У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Колас.

2. Вялікая драпежная птушка сямейства ястрабіных з пучком пер’я пад дзюбай. // Пра жывёлін і птушак з бародамі. Барадач-казёл смакуе галінкі маладых дрэўцаў. Сачанка. У прыціхлым асінніку паназіраў за барадачом-глушцом, што карміўся мядзяным лісцем. Ігнаценка.

3. Паўднёвая шматгадовая расліна сямейства злакаў, якая з’яўляецца добрым кормам для жывёлы і выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў.

бара́ж, ‑у, м.

Спец.

1. Загарода ў паветры ў выглядзе паднятых і прывязаных стальнымі тросамі аэрастатаў, якая перашкаджае палёту самалётаў праціўніка.

2. Сукупнасць сродкаў загароды супраць надводных і падводных караблёў.

3. Збудаванне ў выглядзе падпорнай сценкі на горных участках чыгункі для аховы яе ад размыву.

[Фр. barrage.]

баражы́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. баражыраваць.