Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бамбардзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. бамбардзіраваць (у 1 знач.).

бамбардзіро́ўшчык, ‑а, м.

1. Ваенны самалёт, прызначаны для разбурэння чаго‑н. з паветра. Эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў і штурмавікоў праносіліся над шашой і лесам, і зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Шамякін.

2. Разм. Лётчык бамбардзіровачнай авіяцыі.

бамбардзі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бамбардзіра, уласцівы бамбардзіру (у 1, 3 знач.). Бамбардзірская рота. Бамбардзірскі ўдар.

бамбасхо́вішча, ‑а, н.

Сховішча, якое забяспечвае ахову людзей ад авіябомбаў. Спакою не было і ў шпіталі: штоноч трывога, параненых каго выносяць, каго выводзяць з палат у бамбасховішча... Марціновіч.

бамбёжка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. бамбіць (у 1 знач.).

бамбі́за, ‑ы, м.

Разм. лаянк. Пра высакарослага хлапца, мужчыну. Раптам з-за вугла дома выскачыў здаравенны бамбіза, схапіў дзяўчыну за плечы. Сачанка.

бамбі́ць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.

1. Атакаваць з паветра, скідваючы бомбы. Горад бамбілі нямецкія самалёты. Чорны.

2. перан. Разм. Безупынна турбаваць каго‑н. просьбамі, лістамі і інш. Я бамбіў рапартамі начальства, прасіў адправіць мяне на фронт. Дзенісевіч.

бамбу́к, ‑у, м.

1. Шматгадовая, радзей аднагадовая расліна сямейства злакавых з падземным карэнішчам і дрывяністым, вузлаватым, пустым усярэдзіне сцяблом. / у знач. зб. Нарэзаць бамбуку.

2. Матэрыял для вырабу садовай мэблі і інш. Нізенькія ложкі, стол, крэсліцы з тонкага бамбуку, здавалася, могуць рассыпацца пры першым дотыку. Б. Стральцоў.

[Малайск. bambu.]

бамбу́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бамбуку. Бамбукавыя зараснікі. // Зроблены з бамбуку. Фурман стаяў перад партамі, трымаючы ў левай руцэ вялікія рукавіцы з аўчыны, а ў правай — сырамятную пугу на доўгім бамбукавым пугаўі. Брыль.

бамбу́кавыя, ‑ых.

Падсямейства злакаў, пераважна карэнішчавыя шматгадовыя расліны з вельмі развітым адраўнелым сцяблом.