бадзя́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю), ж.; Р мн. ‑жак.
Разм. Памянш.-ласк. да бадзяга 2.
бадзя́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бадзягі 2, бадзяжніцтва; такі, як у бадзягі. Бадзяжніцкае жыццё. Бадзяжніцкая натура.
бадзя́жніцтва, ‑а, н.
Характар жыцця бадзягі 2.
бадзя́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бадзягі 2. Сюды, у Тураў, у яго прадмесці, .. збіраўся бадзяжны люд з усяго Палесся. Крывіцкі. / у перан. ужыв. Ні вецер бадзяжны не зможа, не скрышыць навала ніколі. Дубоўка.
бадзя́к, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з калючкамі на лісці і пурпуровымі кветкамі. [Байсак:] — А чаму да другога сляпіцаю лезеш, чэпішся, як бадзяк калючы? А чаго не падзялілі? Лынькоў.
бадзя́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзяцы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і бадзяга 2. Заўтра зноў прыходзь сюды, бадзяка, Каб песню даспяваць і скончыць казку. Дзяргай.
бадзякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Не займацца справай, ацірацца. — Што ж гэта вы, суседзі, тут бадзякуеце? — сказаў .. [Сахрон] да нас знарок весела і ўсміхнуўся ў свае густыя, парыжэлыя ад тытунёвага дыму вусы. Сачанка.
бадзя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бадзяцца.
бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.
2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.
бадзя́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы бадзяку (бадзяцы). [Патаповіч:] — Ты ў мяне, бадзячая душа, у два дні будзеш умець класці сцяну ў гладкі вугал. Чорны. Хто ж не ведаў у нас жабракоў? Былі гэта яны — не іначай, Доўгім, ціхім натоўпам ішлі, Па краіне хадою бадзячай. Пестрак.