багамо́лец, ‑льца, ДМ ‑льцу, м.
Тое, што і багамол (у 1 знач.). Пасля пачалі нават прыходзіць здалёк невялічкія групкі багамольцаў для пакланення «цудадзейнаму» каменю. Пестрак.
багамо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да багамолец. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч. Дзве старыя бярозы, як багамолкі, высяцца абапал брамы. Бядуля.
багамо́лле, ‑я, н.
Уст. Паломніцтва, хаджэнне набожных людзей на маленне да святых мясцін.
багамо́льны, ‑ая, ‑ае.
Набожны чалавек, які многа і часта моліцца. Пануры і багамольны Нічыпар, дробны злодзей і скнара, не мог заўладаць зямлёй, яна заўладала ім. Чарнышэвіч.
багамо́льня, ‑і, ж.
Уст. Памяшканне для малення. Аднакурснік пачаў шаптаць, што касцёл гэты пабудавалі ў 1395 годзе на месцы языч[ніц]кай багамольні жонкі князя Вітаўта. Карпюк.
багара́, ‑ы, ж., зб.
Непаліўныя землі ў зонах арашальнага земляробства. // Пасевы на такіх землях.
бага́рны, ‑ая, ‑ае.
Сухадольны, без штучнага арашэння. Багарнае земляробства.
багаро́дзіца, ‑ы, ж.
У хрысціянскай рэлігіі — матка боская, маці Хрыста.
•••
Сядзець як багародзіца гл. сядзець.
багасло́ў, ‑лова, м.
1. Спецыяліст у галіне багаслоўя.
2. Навучэнец старэйшых класаў духоўнай семінарыі.
багасло́ўе, ‑я, н.
Вучэнне аб рэлігіі і яе догматах.