Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бабёр, ‑бра, м.

1. Паўводны звер атрада грызуноў, які жыве ў лесе каля рэк і іншых вадаёмаў і мае каштоўнае футра. Рачны бабёр. Паселішча баброў.

2. Футра гэтага звера, а таксама адзенне з такога футра.

•••

Балотны бабёр — тое, што і нутрыя.

Плача як бабёр гл. плакаць.

ба́бін, ‑а.

Разм. Які мае адносіны да бабы, належыць бабе. [Бабуля:] — Марылька — дзедава дачка ад першай жонкі, бабіна падчарыца, дзяўчынка ціхая, слухмяная, працавітая. Брыль.

•••

Бабіна лета гл. лета.

бабі́на 1, ‑ы, ж.

Адно бабовае зерне.

бабі́на 2, ‑ы, ж.

1. У тэкстыльнай прамысловасці — шпуля канічнай формы з намотанымі ніткамі.

2. У аўтамабільнай прамысловасці — прылада батарэйнага запальвання ў рухавіку.

3. У горнай справе — барабан для намотвання каната ў падымальных машынах.

[Фр. bobine.]

бабіна́жніца, ‑ы, ж.

Работніца, якая наглядае за бабінамі ​2 (у 1 знач.).

бабі́нец, ‑нца, м.

Разм. Пярэдняя частка царквы перад паперцю.

бабі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бабіны ​2 (у 1 знач.). На бабінных прадзільных машынах ніткі атрымліваюцца някручанымі.

бабі́т, ‑у, М ‑біце, м.

Спецыяльны сплаў волава, свінцу, цынку і іншых элементаў, які ўжываецца для заліўкі падшыпнікаў. Спінінгавыя грузы адліваюцца з свінцу, бабіту, волава і іншых цяжкіх металаў. Матрунёнак.

[Ад уласн. імя.]

бабі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з бабіту. Бабітавыя падшыпнікі.

бабі́тны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вырабам ці апрацоўкай бабіту. Бабітны цэх.

ба́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; незак.

Абл. Корпацца, капацца, важдацца. [Мяжэнны:] — А ты доўга бабіцца будзеш? — падагнаў Валяр’яна. — Зараз, Емяльянавіч, зараз, — паправіў на галаве картуз Бяньчук і .. пачаў клікаць дзяцей. Гроднеў.