Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атрафі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Які атрафіраваўся, страціў жыццяздольнасць.

атрафі́равацца, ‑руецца; зак. і незак.

Зменшыцца (змяншацца), страціць (страчваць) жыццяздольнасць (пра органы, часткі жывога арганізма). Я ўжо гадоў дзесяць не адчуваю пахаў. Калі хадзіў у школу, часта прастуджваўся, мае органы [нюху] атрафіраваліся, і цяпер пахла што ці смярдзела, а для мяне ўсё роўна. Карпюк.

атрафі́я, ‑і, ж.

Страта жыццяздольнасці і змяншэнне памераў органа, асобных тканак арганізма ў выніку парушэння харчавання або працяглай бяздзейнасці. // перан. Страта, прытупленне якой‑н. уласцівасці, здольнасці і пад.

[Ад грэч. atropheo — чахну.]

атрупяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў з перапуду самавалоданне; аслупянелы. [Стэфа] яшчэ некалькі хвілін стаяла атрупянелая. Новікаў.

атрупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Вельмі спалохацца, страціць самавалоданне; аслупянець.

атрусі́цца, атрусіцца; зак.

Нарадзіць трусянят (пра трусіху).

атру́скі, ‑скаў; адз. няма.

Непатрэбныя рэшткі чаго‑н.

атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.

1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.

2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.

атру́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца атрутай, здольны выклікаць атручэнне; ядавіты. Атрутныя газы. Атрутнае рэчыва. // Які змяшчае атруту. Атрутны дым. □ [Балоты] дыхалі атрутнаю парнаю цеплынёй. Самуйлёнак. [Лабановіч:] — Але ці думаў ты, збіраючы вось гэтыя «кветкі», што сярод іх могуць быць і атрутныя? Колас.

2. перан. Які пагражае небяспекай, адмоўна дзейнічае на каго‑, што‑н. Як жа трэба збяднець, Каб на крохі атрутай прыманкі Нашу мужную праўду Цішком размяняць у душы І панесці з сабой Трохрублёвую праўду цыганкі! Гілевіч. Разагнула стан дзявочы Беларусь магутна, Пахаваўшы лёс сірочы, Панскі гнёт атрутны. Колас.

атруці́цца, ‑ручуся, ‑руцішся, ‑руціцца; зак.

Памерці ад атруты. [Хімка:] — Дык глядзі ж, каб нічога не чапаў, — воцатам можна атруціцца. Гурскі. // Пашкодзіць сабе арганізм атрутным рэчывам.