Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атавісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да атавізму. Атавістычныя праяўленні.

атайбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.

Разм. Уладкавацца, размясціцца; атабарыцца. Вельмі ж Толіку хацелася, каб на таполі пасяліліся буслы. І яны не падвялі хлопца. Прыляцелі, зрабілі сабе дамоўку і атайбаваліся жыць. Вітка. Вясна скончылася, і лета атайбавалася па полі. Чорны.

атаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

Аціхнуць, супакоіцца; тое, што і утаймавацца.

ата́ка, ‑і, ДМ атацы, ж.

Імклівы напад на пазіцыі праціўніка. Ісці ў атаку. Псіхічная атака. Лабавая атака. □ Батарэя, у якой служыў Зыбін і ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. Мележ. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. / У спартыўных гульнях. Люблю я ў футболе юнацкую сілу, Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка. // перан. Рэзкае абвастрэнне хваробы. Паведамленне ўрача аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула [Праша]. Шамякін. // перан. Разм. Дзеянне, накіраванне на дасягненне якой‑н. мэты. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку. Колас. Давайце песняй весці людзей За камунізм у атаку. Панчанка. — А як гэта ты, сусед, умудрыўся Антосевых качак перастраляць? — Макарчук перайшоў у атаку на Сіняўскага. Курто.

[Фр. attaque.]

атакава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атакаваць.

атакава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да атакаваць.

атакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак.

Зрабіць (рабіць) імклівы напад на пазіцыі праціўніка. [Сцяпанаў] паспеў ужо атакаваць чацвёрку «фокераў», аб якіх папярэджваў наводчык. Алешка. / У спартыўных гульнях. Пешкі белых атакавалі пазіцыю чорнага караля. // перан. Разм. Настойліва і неаднаразова дамагацца чаго‑н. Забыўшыся на свае абавязкі гаспадара,.. [Лявон] атакаваў свайго госця безліччу пытанняў. Лынькоў.

атакела́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атакелажыць.

атакела́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да атакелажваць.

атакела́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да атакелажыць.