Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прастраката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

1. Абазвацца стракатаннем, застракатаць. Людзі ў зеленаватых куртках ускоквалі і тут жа як падкошаныя падалі. З таго месца, дзе выбралі яны сабе прывал, толькі двойчы прастракатаў аўтамат. Навуменка.

2. Стракатаць некаторы час. З хвіліну прастракатаў конік і змоўк.

прастраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. што. Праверыць (новае ружжо) у стральбе, выстраламі.

2. Правесці некаторы час страляючы. Прастраляць увесь дзень.

прастра́цыя, ‑і, ж.

Стан прыгнечанасці, знямогі, заняпаду псіхічнай актыўнасці, выкліканы цяжкім захворваннем, нервовым расстройствам і інш. Упасці ў прастрацыю. Знаходзіцца ў прастрацыі.

[Лац. prostratio.]

прастрачы́ць, ‑страчу, ‑строчыш, ‑строчыць; зак., што.

1. Прашыць у строчку. Прастрачыць каўнер у сарочцы.

2. і без дап. Зрабіць серыю выстралаў, даць чаргу (пра аўтаматычную зброю). У апошні раз прастрачыў аўтамат, гулка ўдарыла вінтоўка, і.. адразу запанавала глыбокая цішыня. Курто. Хоць бы прастрачыў хто з аўтамата Здрадлівую ціш такой начы... Аўрамчык.

3. і без дап. Страчыць некаторы час.

прастро́міць, ‑міць; зак., каго-што.

Абл. Пранізаць. Пякучы боль прастроміў усё цела. Лынькоў.

прастро́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прастрачыць.

прастро́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прастрочваць.

прастро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прастрачыць (у 1 знач.).

праструга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Выстругаць паглыбленне, дзірку ў чым‑н. Прастругаць дошку.

2. і без дап. Стругаць некаторы час.

прастру́гвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прастругваць.