чарці́цца, чэрціцца; незак.
Зал. да чарціць.
чарці́ць, чарчу, чэрціш, чэрціць; незак., што і без дап.
1. Рабіць чарцёж чаго‑н. Я іду да брыгадзіра .., які схіліўся над лістом фанеры і нешта чэрціць. Мыслівец. Церахаў дастаў чысты кавалак паперы і стаў нешта чарціць. Місько.
2. Праводзіць лінію, рысу (лініі, рысы). — Калі з хутара хто-небудзь пойдзе, я таксама пайду ўслед. Па дарозе буду чарціць палкай рымскія пяцёркі. Па гэтых значках і шукайце мяне. Курто. // Дакранаючыся да чаго‑н., пакідаць след у выглядзе лініі, рысы. Нябачныя мошкі ці вадзяныя жукі чарцілі на .. гладзі [возера] адмысловыя іерогліфы. Шамякін. // Пры перамяшчэнні ў паветры пакідаць след на фоне неба ў выглядзе лініі, рысы. У нязнаны космас, заімглёны Імчаць ракеты, чэрцяць след. Ляпёшкін.
чарця́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цяцы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і чорт (ужываецца як фамільярна-грубаватае слова-зваротак). — Часам так схаваецца, чарцяка [грыб], што ўсё лісце пераграбеш — няма. Сачанка. [Андрэй Чарныш:] — Ах ты, чарцяка, думаю, а самому чамусьці дужа радасна стала. Марціновіч.
чарцяня́ і чарцянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
1. Паводле народнай міфалогіі — дзіцяня чорта; маленькі чорт. Разявілі чарцяняты раты. Паглядзеў дзед і ўбачыў у аднаго з іх у роце недаедзены праснак. Якімовіч.
2. перан. Разм. Пра гарэзлівае, свавольнае дзіця. — Ідзі гуляй, чарцянё ты маленькае, — усміхнуўся старэйшы брат. Ваданосаў. З крутога адхону з’язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шамякін.
ча́рчына, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і чарка (у 1 знач.). [Чычын:] Хоць і не вялікі я прыхільна гэтай пасудзіны, але з табой, за цябе я гатоў якую чарчыну, другую прапусціць. Лынькоў.
чарчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чарціць.
ча́ры, ‑аў; адз. няма.
1. Паводле забабонных уяўленняў — магічныя прыёмы, пры дапамозе якіх можна ўздзейнічаць на людзей і прыроду; чараўніцтва, вядзьмарства. [Юстап:] Гіну я праз людскія чары. Згубіў мяне благі чалавек — паслаў чорта на невінаватую душу. Калюга. Праходзіць не так многа часу, і ягады ўжо пачынаюць выглядваць з рыльца [гарлачыка]. Вось што значыць чары! Даніленка.
2. Чароўная сіла, прывабнасць, якая захапляе. І ўсё тут поўна мяккіх чараў: І роўнядзь ціхая палёў, І постаць стромкіх тапалёў. Колас. Косця ўжо нічога больш не бачыў, быў цалкам пад уладай чараў дзяўчыны. Карпюк.
чарэ́мшына, ‑ы, ж.
Тое, што і чаромха. Цвілі па чарзе: спачатку чарэмшына, потым бэз, потым язмін, потым шыпшына... Грамовіч. Росная сцяжынка бегла ў Лаўскі лес,.. дзе вясною расцвіталі кусты чарэмшыны. Бялевіч.
чарэ́невы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чарэні. Чарэневая паверхня.
2. Спечаны на чарэні (у 2 знач.). Чарэневыя праснакі.
чарэ́нь, ‑і, ж.
1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.
2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.