бульдо́жы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бульдога. Бульдожая морда.
бульдо́зер, ‑а, м.
Трактар, абсталяваны навясным пярэднім адвалам для перамяшчэння, разраўноўвання грунту. Бульдозеры ссоўвалі з узгоркаў на насціл вялізныя груды пяску і раўнялі яго, а аўтамашыны падвозілі з гарэлага балота тарфяны попел і сыпалі паверх пяску. Новікаў. Паабапал грэблі, ля прарытых капаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Пташнікаў.
[Англ. bulldozer.]
бульдо́зерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бульдозера. Бульдозерны механізм.
бу́льканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. булькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бу́лькат, ‑у, М ‑наце, м.
Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, пераліванні або цячэнні вады. Вада.. [з жолаба] ліецца невялічкім раўчуком і з вясёлым звонкім булькатам падае ў рэчку. Лынькоў.
бульката́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. булькатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бульката́ць, ‑коча; незак.
1. Бурліць, бурна кіпець (пра вадкасць). Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы. Брыль. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Быкаў.
2. безас. Ствараць глухія перарывістым гукі пры захворванні горла, грудзей. У горле чалавека нешта булькатала, і пры кожным выбуху ён капаў тварам зямлю. Навуменка.
булькаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. булькацець, а таксама гукі гэтага дзеяння.
булькаце́ць, ‑коча; незак.
Тое, што і булькатаць. І чуваць было, як пералівалася ў нагах грузкая гразь, булькацела дзесьці блізка, блізка вада. Лынькоў.
бу́лькаць, ‑ае; незак.
Утвараць гукі, падобныя на тыя, якія бываюць пры кіпенні або пераліванні вады. Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. Ружова і роўна свяціла сонца, было цёпла і парна, а за арэшнікам шумеў і булькаў ручай. М. Стральцоў.