Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бальшавіза́цыя, ‑і, ж.

Узмацненне бальшавіцкага ўплыву; павелічэнне колькасці бальшавікоў у якой‑н. арганізацыі. На Заходнім фронце бурная бальшавізацыя салдацкіх камітэтаў (Саветаў) пачалася пасля ўзброенага паўстання ў Маскве. «Полымя».

бальшаві́зм, ‑у, м.

Рэвалюцыйная паслядоўная марксісцкая плынь палітычнай думкі ў міжнародным рабочым руху, якая ўзнікла ў пачатку 20 ст. ў Расіі і атрымала сваё ўвасабленне ў пралетарскай партыі новага тыпу, у партыі бальшавікоў, створанай У. І. Леніным.

бальшаві́к, ‑а, м.

Член бальшавіцкай партыі; паслядоўнік бальшавізму, камуніст.

бальшаві́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бальшавізму, бальшавікоў. Бальшавіцкая праграма. Бальшавіцкая тактыка. Бальшавіцкая фракцыя. // Уласцівы бальшавікам. Бальшавіцкая прынцыповасць.

бальшаві́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да бальшавік.

бальша́к, ‑а, м.

Вялікая (у адрозненне ад прасёлачнай) дарога; шлях. [Рыгор] спыніўся прыкладна за кіламетр ад вёскі, там, дзе ад бальшака адгаліноўваецца палявая дарога на Бугры. М. Ткачоў.

бальшу́н, ‑а, м.

Разм. Старэйшы хлапчук з дзяцей у сям’і; падлетак. Раніцай Андрэй нашлёпаў Лёвачку, каб бальшун сам адзяваўся. Лобан. // Наогул большы па ўзросту. У канцы алеі Гушкалкі мільгаюць — Бальшуны паселі, Пад неба ўзлятаюць. Калачынскі.

бальшу́ха, ‑і, ДМ ‑шусе, ж.

Жан. да бальшун.

балюстра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Поручні з фігурнымі слупкамі, што ўпрыгожваюць балконы, тэрасы, галерэі, лесвіцы. [Стэфа:] — На другім паверсе, за балюстрадай, грымеў аркестр. Савіцкі.

[Фр. balustrade.]

балюстра́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балюстрады.