Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сярдзі́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сярдзітага; гнеў, злосць. Зноў [Лявон] пасыпаў люльку, а потым словы паліліся адно за другім раўчуком ціхім, часам у словах чулася скарга, сярдзітасць. Галавач.

сярдзі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны сердаваць, злавацца; злосны (пра чалавека). Маці ў .. [Івана] была сярдзітая, набожная жанчына. Машара. На маё дзіва, звычайна сярдзіты і строгі, бацька нават не накрычаў. Скрыган. Сярдзіты стораж выганяў нас з саду, З шырокай барадой, як памяло. Гаўрусёў. // Уласцівы такому чалавеку. Сярдзіты нораў. // Люты, злы (пра жывёл). У дзядзькі Антона надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Грамовіч.

2. Які сярдуе, злуецца на каго‑, што‑н., перажывае гнеў. [Аптэкар:] — Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Зарэцкі. Базыль дадому вярнуўся стомлены, сярдзіты. Бажко. [Кіру] пад локаць падтрымліваў Пракоп Свірын — нахмураны, нават сярдзіты. Карпаў. // Які мае гнеўны, злы выраз (пра вочы, твар і пад.). Поглядам сярдзітым, нездаволеным [жонка] абмерала [Базыля]. Нікановіч. // Прасякнуты, выкліканы гневам, злосцю. Сіваваронкі з сярдзітым краканнем кружылі над дуплістымі дзеравякамі. Колас.

3. перан. Разм. Моцны ў сваім праяўленні, люты (пра мароз, вецер і пад.). Сярдзітая нахлынула зіма. Танк.

4. Які моцна дзейнічае (пра віно, табаку, гарчыцу і пад.). Бацька .. перакуліў кілішак, крэкнуў і занюхаў мякішам хлеба. — Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара. Грахоўскі. // Залішне высокі, недаступны (пра цану). Сярдзітая цана.

5. Разм. Старанны, заўзяты. Хлопец страх сярдзіты да работы.

сярдзю́к, сердзюка, м.

На Украіне ў 17–18 стст. — казак пешых палкоў, якія былі на поўным утрыманні гетманскага ўрада; ахоўнік гетмана.

сяржа́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Званне малодшага каманднага саставу ў арміі і міліцыі. У дзяжурнай сядзеў незнаёмы хлопец з пагонамі старшага сяржанта і нешта запісваў у невялічкі блакнот. Паслядовіч. // Асоба, якая носіць такое званне. Байцы, сяржанты і афіцэры заставы баявога забеспячэння прыйшлі на выручку. Брыль.

[Фр. sergent.]

сяржа́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сяржанта, належыць яму. Сяржанцкае званне. □ І па руках пайшоў ягоны З бліскучай крышкай партабак. І тут сяржанцкія паганы Усе разглядзелі... Гаўрусёў. Віктар Бурачок, які за год вайны здабыў сяржанцкія лычкі, ідзе побач з памкамузводам Смірновым. Навуменка.

сярмя́га, ‑і, ДМ ‑мязе, ж.

Верхняе адзенне з даматканага сукна. На нарах стаяў чалавек у доўгай палескай сярмязе цёмна-карычневага колеру. Пестрак. Земскі, ціха гушкаючыся на крэсле, аглядаў сагнутую постаць Максіма ў мокрай сярмязе, гразкіх лапцях. Каваль.

сярмя́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Тое, што і сярмяга. У казцы пра Несцерку, палескага мужыка ў несамавітай сярмяжцы і лазовых лапцях, але з прыроднай хітрынкай у вачах, .. [народ] славіў розум і дасціпнасць. «Полымя».

сярмя́жнік, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — вясковы бядняк. У акруговым судзе, які размяшчаўся ў палацы Тышкевіча на Трокскай вуліцы, прысяжны павераны выступаў абаронцам простых сярмяжнікаў і гарадской беднаты. С. Александровіч.

сярмя́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сярмягі. Сярмяжнае сукно.

2. перан. Бядняцкі, сялянскі. Гэта быў пераважна сярмяжны люд з навакольных вёсак ды з глухіх гарадскіх закуткаў, рамеснікі і людзі невядомых прафесій. Колас. // Цёмны, неадукаваны.

сярмя́жына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і сярмяга. Яўхімка доўга не выходзіў з нашай хаты. Я ўжо азыз на холадзе, чакаючы яго. Нарэшце паказалася захутаная ў сярмяжыну маленькая постаць. Сабаленка.