Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сяле́дчык, ‑а, м.

Разм. Селядзец. На першае яна [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. І чыгунок бульбы маладой ад варыць. І сяледчык ёсць. Лобан.

сялі́ба, ‑ы, ж.

Населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.). О, дзядзька спосабаў меў многа Даняць праціўніка малога! Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку. Колас. Хаты ішлі з сялібы аж да самай невялічкай рэчкі Проні, паабапал якой раскідаліся лазні ды гумнішчы, а далей — нешырокае поле з межамі, узгоркамі, раўчакамі. Каваль. [Кастусь:] — З якое вы, дзядзька, сялібы? Відаць, заблудзіліся вы?.. Калачынскі.

сялі́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сялібы. Сялібная зямля.

сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.

1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.

2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.

3. Зал. да сяліць.

сялі́ць, сялю, селіш, селіць; незак., каго-што.

Уладжваць па незаселеных месцах; пасяляць.

сяло́, а́; мн. сёлы (з ліч. 2, 3, 4 сялы́), сёл; н.

1. Вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; у дарэвалюцыйнай Расіі — паселішча з царквой. Саўгас — вялікае сяло — патанаў у зеляніне. Асіпенка. Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў.

2. Любы населены пункт негарадскога тыпу. Наўпрост ідзе дарога Праз гарады і сёлы. Аўрамчык. Звіняць, як срэбра, песні Па сёлах, гарадах. Колас. // зб. Жыхары такога паселішча. Прачнулася сяло таксама раней звычайнага. Васілевіч. Глядзела і не бачыла, Як збеглася сяло. Святое гора матчына Усім душу пякло. Панчанка.

•••

Ні к сялу ні к гораду — зусім недарэчы, неўпапад, не да месца.

сяльцо́, ‑а, н.

Памянш. да сяло; невялікае сяло. Сяльцо было маленькае, хат з дзесяць. Якімовіч.

сяльча́нін, ‑а; мн. ‑чане, ‑чан; м.

1. Разм. Сельскі жыхар, селянін. З лесу насустрач сяльчанам выязджае цэлы абоз цыганоў з палатнянымі будамі на калёсах. Навуменка.

2. Аднасяльчанін. Словы [маладога мужчыны] мелі вялікі ўплыў на сваіх сяльчан. Мурашка.

сяля́ва, ‑ы, ж.

Рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская.

сяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да селянін.