Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сяна́ж, сенажу, м.

Падвяленая трава, звычайна прасаваная, якая зберагаецца ў спецыяльных сховішчах. У саўгасе актыўна назапашваюць кармы для жывёлы: рыхтуюць сянаж, сілас, вітамінную муку. «Звязда».

сяна́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сенажу. Сянажная вежа.

сянні́к, сенніка, м.

1. Матрац, набіты сенам ці саломай. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. На .. [нарах] ляжалі адзін каля аднаго сеннікі, напханыя саломай. Пальчэўскі.

2. Абл. Адрына. Да сянец хаты было прыбудавана нешта накшталт сенніка. Сабаленка.

сянны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сена. Як толькі .. пачнуць прабівацца кволыя ранішнія прамяні, я выбіраюся з цёплага сяннога берлагу. Карамазаў. // Які зроблены з сена. Сянная пацяруха. Сянная мука. Сянны настой. // Прызначаны для сена. Сянны склад. Сянны прэс.

•••

Сянная ліхаманка — хвароба, якая праяўляецца цяжкім ліхаманкавым станам, узнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю ў час цвіцення раслін.