сям, прысл.
У выразах: то там, то сям; там і сям гл. там.
сяме́йка, ‑і, ДМ ‑мейцы; Р мн. ‑меек; ж.
1. часцей іран. Памянш. да сям’я (у 1 знач.); тое, што і сям’я (у 1 знач.). За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.
2. Памянш.-ласк. да сям’я (у 3 знач.). [Бабейка:] — Сямеек пару пчол прывязу. Хадкевіч. У быльніку агарода, пад вокнамі, таўкліся сямейкі чырванагрудых снегіроў. Ракітны. [Рака] агібае срэбнай падковай сямейку прысадзістых хвоек. Бядуля.
сяме́йна, прысл.
Сям’ёй, у сям’і. — Як ні кажыце, а сямейка жыць куды выгадней, чым аднаму, — загаварыў раптам загадчык млына, пазіраючы, як жонка раскладвае на разасланым абрусе закусь. Лупсякоў.
сяме́йнасць, ‑і, ж.
1. Стан сямейнага (у 1 знач.); сямейны спосаб жыцця, быту.
2. Разм. Заганны прынцып падбору кадраў, размеркавання працы і пад., калі перавага аддаецца родзічам, сябрам, знаёмым. Барацьба з сямейнасцю ва ўстановах.
сяме́йнік, ‑а, м.
Разм. Член якой‑н. сям’і. Сямейнікаў маіх дома нікога не аказалася, але я нават забыўся хоць якой запіскай папярэдзіць іх аб маім ад’ездзе і пабег на аўтобусную станцыю. Быкаў. Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча .. А сынок — яшчэ горшы. Брыль.
сяме́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.
2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.
3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.
сяме́йства, ‑а, н.
1. Тое, што і сям’я (у 1 знач.). — А дзе ж ваша сямейства? — запытаў я, бо нікога, апроч гаспадара, не ўбачыў у хаце. Сабаленка.
2. У сістэматыцы жывёл і раслін — аб’яднанне некалькіх родаў, падобных па будове і блізкіх па паходжанню. Сямейства акунёвых. Сямейства злакавых.
3. перан. Разм. Група якіх‑н. аднародных пабудоў і пад. Сямейства атамных электрастанцый памнажаецца.
сямёра, семярых, ліч. зб.
Сем. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Сямёра сірот; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю. Прымаўка. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Сямёра шчанят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Сямёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было сямёра.
сямёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба 7. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 7), якія нумаруюцца лічбай 7.
2. Група з сямі адзінак. Сямёрка байцоў.
3. Ігральная карта з сямю ачкамі. [Аляксей Пятровіч:] — Ксеня Сямёнаўна, падкідайце сямёркі, у вас яны павінны быць. Васілёнак.
сямі...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з сямі частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: сямітомны, сяміпакаёвы; 2) які мае сем аднолькавых прадметаў, прыкмет, уласцівасцей і пад., напрыклад: сямілямпавы; 3) колькасцю, мерай, коштам у сем якіх‑н. адзінак, напрыклад: сяміпудовы.