сярдзіты, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны сердаваць, злавацца; злосны (пра чалавека). Маці ў .. [Івана] была сярдзітая, набожная жанчына. Машара. На маё дзіва, звычайна сярдзіты і строгі, бацька нават не накрычаў. Скрыган. Сярдзіты стораж выганяў нас з саду, З шырокай барадой, як памяло. Гаўрусёў. // Уласцівы такому чалавеку. Сярдзіты нораў. // Люты, злы (пра жывёл). У дзядзькі Антона надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Грамовіч.
2. Які сярдуе, злуецца на каго‑, што‑н., перажывае гнеў. [Аптэкар:] — Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Зарэцкі. Базыль дадому вярнуўся стомлены, сярдзіты. Бажко. [Кіру] пад локаць падтрымліваў Пракоп Свірын — нахмураны, нават сярдзіты. Карпаў. // Які мае гнеўны, злы выраз (пра вочы, твар і пад.). Поглядам сярдзітым, нездаволеным [жонка] абмерала [Базыля]. Нікановіч. // Прасякнуты, выкліканы гневам, злосцю. Сіваваронкі з сярдзітым краканнем кружылі над дуплістымі дзеравякамі. Колас.
3. перан. Разм. Моцны ў сваім праяўленні, люты (пра мароз, вецер і пад.). Сярдзітая нахлынула зіма. Танк.
4. Які моцна дзейнічае (пра віно, табаку, гарчыцу і пад.). Бацька .. перакуліў кілішак, крэкнуў і занюхаў мякішам хлеба. — Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара. Грахоўскі. // Залішне высокі, недаступны (пра цану). Сярдзітая цана.
5. Разм. Старанны, заўзяты. Хлопец страх сярдзіты да работы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)