Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяшо́к, ‑шка, м.

1. Тое, што і мех ​1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.

2. Тое, што і мех ​1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.

3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.

4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.

5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.

•••

Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.

Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.

Купіць ката ў мяшку гл. купіць.

мяшо́чак і мяшэ́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да мяшок; невялічкі мяшок.

мяшо́чнік і мяшэ́чнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто скупляе мяшкамі харчовыя прадукты і незаконна перавозіць іх з мэтай спекуляцыі (у перыяды нарміраванага забеспячэння насельніцтва прадуктамі). Вагоны былі набіты бітком мяшочнікамі, людзьмі ў пашарпаных салдацкіх шынялях. Звонак. Саюзы моладзі дапамагалі партыі.. у барацьбе з мяшэчнікамі і спекулянтамі. «Маладосць».

мяшо́чніца і мяшэ́чніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да мяшочнік, мяшэчнік.

мяшо́чны і мяшэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мяшка, мяшкоў. Мяшочная тканіна. Мяшочныя іголкі.

мяшча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да мешчанін.

мяшча́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мешчаніна, мяшчан (у 1 знач.). Мяшчанскае саслоўе. □ Палкоўнік паклікаў да сябе старасту мяшчанскай управы. Бядуля.

2. перан. Абмежаваны дробнаўласніцкімі інтарэсамі, уласцівы мешчаніну (у 2 знач.). Сляпая, з пустой душой, .. [Ірына] не разумела, у чым шчасце, не шукала яго, жыла як бы аблытаная павуціннем сваіх нікчэмных мяшчанскіх уяўленняў... Краўчанка.

•••

Мяшчанская драма гл. драма.

мяшча́нства, ‑а, н.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — гарадское саслоўе, якое складалася з рамеснікаў, гандляроў, ніжэйшых чыноў служачых і пад. // зб. Асобы, якія належалі да гэтага саслоўя; мяшчане.

2. перан. Погляды і паводзіны мешчаніна (у 2 знач.); абывацельшчына. [Горкі] бязлітасна выкрываў мяшчанства, рэакцыйную буржуазную ідэалогію. Івашын.

мяшэ́й, ‑ю, м.

Травяністая расліна сямейства злакавых, асобныя віды якой з’яўляюцца пустазеллем.

мяшэ́чак,

гл. мяшочак.