Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пірамідо́н, ‑у, м.

Болепатольны і гарачкапаніжальны лекавы прэпарат; амідапірын.

[Ад грэч. pýr — агонь і амід(ы) — хімічная назва кіслот.]

пірано́метр, ‑а, м.

Спец. Прылада для вымярэння інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, якая падае на гарызантальную паверхню.

[Ад грэч. pýr — агонь, ana — уверх і metreō — мераю.]

піраско́п, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для прыблізнага вымярэння высокіх тэмператур у заводскіх печах.

[Ад грэч. pýr — агонь і skopeō — гляджу.]

піра́т, ‑а, М ‑раце, м.

Марскі грабежнік, разбойнік. Часы марскіх піратаў скончыліся тысячу гадоў назад, а касмічных наогул не было. Шыцік. // перан. Разм. Пра таго, хто паводзіць сябе як грабежнік. Венгерскія арнітолагі ўзяліся дапамагчы сялянам зберагчы пасевы і вінаграднікі ад паветраных піратаў. Матрунёнак.

[Грэч. peirates.]

піратэ́хнік, ‑а, м.

Спецыяліст па піратэхніцы.

піратэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вырабам гаручых сумесей, сігнальных агнёў, ракет і пад.

[Ад грэч. pýr — агонь і слова «тэхніка».]

піратэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піратэхнікі.

пі́раў, ‑ава.

У выразе: пірава перамога гл. перамога.

піра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пірата. Пірацкі напад.

піра́цтва, ‑а, н.

Занятак пірата; марскі разбой.