Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

барсучы́ны, ‑ая, ‑ае.

Атрыманы з барсука, зроблены з футра барсука. Барсучыны тлушч. Барсучыная шапка.

барсучы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе; Р мн. ‑чых; ж.

Самка барсука.

бартаві́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Верхні край бока лодкі, баркі. Падплыўшы да карыта,.. [Даніла] перакульвае яго ў лодку, высморгвае разам з травою тычку, і зазіхацела дарагая капронавая сетка, загрукацелі аб бартавіну важкія грузілы, а следам платва, пузатая і разамлелая, густа аплёўшы сець, пачала паўзці ў лодку. Карамазаў.

2. Адвароты па грудной частцы пінжака, халата і інш. На шырокіх бартавінах халата Фаіны Усцінаўны ляжаў белы каўнерык. Савіцкі. — Валь[с]а для цёткі Акіліны! — крыкнуў увішны шафёр з пучком белых кветак на бартавіне сіняга пінжака. Вітка.

бартавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да борта. Бартавая парусіна.

барто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Грубая льняная тканіна, якая ідзе на падшыўку бартоў верхняга адзення.

барука́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. барукацца.

барука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Дужацца, валтузіцца. Вясёлыя, жывыя хлопцы перакідваліся жартамі, спявалі, а калі паблізу не было начальства, барукаліся. Лынькоў.

барха́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да барханаў. Барханныя пяскі.

барха́ны, ‑аў, адз. бархан, ‑а, м.

Пясчаныя ўзгоркі дугападобнай формы, нанесеныя ў пустынях і стэпах ветрам. Кожны, хто бываў у Заволжы і Прыкаспіі, ведае згубную сілу сухавеяў, бачыў пясчаныя барханы — вынік наступлення пяскоў. «Беларусь».

[Цюрк. бархан.]

ба́рхатны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: бархатны сезон гл. сезон.