бало́цісты, ‑ая, ‑ае.
1. Багаты на балоты. Балоцісты край.
2. Забалочаны, багністы. Вясной.. [рэкі] выходзілі з берагоў, шырока разліваліся па нізінах, паглынаючы шматлікія рачулкі, раўчукі і лясныя азёры, затапляючы ўсё навакол, ператвараючы балоцістую мясцовасць у суцэльны водны прастор. В. Вольскі.
балтавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да балта.
балтарэ́з, ‑а, м.
Спец. Прылада для нарэзвання балтоў.
балтарэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балтарэза. Балтарэзны станок.
ба́лты, ‑аў; адз. няма.
Група старажытных індаеўрапейскіх плямён, якія гаварылі на балтыйскіх мовах.
балы́к, ‑у, м.
Прасоленая і правяленая або правэнджаная спінная частка чырвонай рыбы. Асятровы балык.
[Ад цюрк. балык — рыба.]
балыко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да балыку. Балыковыя вырабы.
баль, ‑ю, м.
1. Вечар з танцамі і вясёлымі забавамі. У дадатак да белага плацця з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, было зроблена яшчэ два. Асіпенка.
2. Вялікі званы абед. А праз два тыдні такі баль гадалі бацькі маладых, што вёска як жыве, не бачыла. Чарот. За багаты сядзем стол Баль святочны справіць. А. Александровіч.
3. перан. Пагард. Нястрымны разгул чаго‑н. (рэакцыі, ваеншчыны і пад.). Рукі байца — Гартаваная сталь, Рукі армейца Нястомны. Панства, Крывавы спраўляючы баль, Нашы ўдары Прыпомніць. Хведаровіч. / у перан. ужыв. Ладзіць баль завіруха. Куляшоў. На баль вясновы запрашэнне Прыслалі родныя бары. Жычка.
•••
Баль-маскарад — касцюміраваны вечар з танцамі.
[Фр. bal.]
бальза́каўскі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: бальзакаўскі ўзрост гл. узрост.
бальза́м, ‑у, м.
1. Густаватае духмянае рэчыва (кедравая жывіца і інш.), якое мае ў сваім саставе смолы, эфірны алей і інш. кампаненты і выкарыстоўваецца ў тэхніцы, медыцыне і парфюмерыі. // Пахучая настойка на лекавых травах.
2. перан. Тое, што суцяшае, палягчае перажыванні, прыносіць заспакаенне. Такая рэпліка сакратара была як бальзам на душу Малашкіна. Пестрак.
[Грэч. balsamon.]