Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

піражко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да піражка, прызначаны для піражка. Піражковае цеста. Піражковы цэх.

2. у знач. наз. піражко́вая, ‑ай, ж. Гандлёвая ўстанова, дзе пякуць і прадаюць піражкі.

піражо́к, ‑жка, м.

1. Памянш.-ласк. да пірог.

2. Маленькі пірог. З кашы .. [бабка] рабіла піражкі і падсмажвала на скавародцы. Колас. Брат схапіў піражок абедзвюма рукамі, нібы баяўся, што яго адбяруць. Мехаў.

піраксілі́н, ‑у, м.

Выбуховае рэчыва, якое ўжываецца для падрыўных работ і для вырабу бяздымнага пораху.

[Ад грэч. pýr — агонь і xylon — дрэва.]

піраксілі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піраксіліну; зроблены з піраксіліну.

пірамеі́н, ‑у, м.

Лекавы прэпарат (пірамідон з кафеінам), які знімае боль і зніжае тэмпературу ў хворага.

піраметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піраметрыі.

піраме́трыя, ‑і, ж.

Спосабы вымярэння высокіх тэмператур пры дапамозе спецыяльных прыбораў.

[Ад грэч. pýr — агонь і metreō — мераю.]

пірамі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік або трохвугольнік, а бакавыя грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй. Трохвугольная піраміда.

2. Вельмі вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і трохвугольнымі бакавымі паверхнямі, вяршыні якіх ўтвараюць востры вугал, якое служыла грабніцай фараонам у Старажытным Егіпце. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Шыцік.

3. Куча складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе. Побач былі складзены піраміды пяціпудовых бомб. «Маладосць». З левага боку ля сцяны ложак з пірамідаю падушак, засланы коўдрай-перабіранкай. Палтаран.

4. Акрабатычная фігура з групы людзей, якія становяцца адзін аднаму на плечы. Апошнім нумарам паказвалі піраміду. Удзельнічала дванаццаць чалавек. Нядзведскі.

5. Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў більярднай гульні ў 16 шароў. // Трохвугольнік з більярдных шароў, які складваецца ў пачатку гульні.

6. Станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, звужаную ўверсе. Да бляску начысцілі кулямёты і вінтоўкі; яны зараз так спакойна і мірна дрэмлюць у пірамідах. Каваль.

[Грэч. pyramis.]

піраміда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму піраміды. Пірамідальная елка. Пірамідальны кіпарыс. □ У напрамку, куды кіруецца параход, мы бачым дзве светлыя пірамідальныя вежы, а паміж імі знаходзім чорную плямінку шлюзавых варот. Галавач. Узгоркі змяняюцца раўнінай, бярозы і сосны — акацыямі і пірамідальнымі таполямі. Брыль.

пірамі́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піраміды.