Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

планта́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плантатара, належыць яму.

планта́тарства, ‑а, н.

Занятак плантатара.

плантацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плантацыі. Плантацыйная гаспадарка. Плантацыйная вытворчасць чаю.

планта́цыя, ‑і, ж.

1. Буйная капіталістычная зямельная гаспадарка, якая займаецца вырошчваннем якіх‑н. спецыяльных культур (першапачаткова ў Амерыцы і каланіяльных краінах на плантацыях працавалі рабы).

2. Вялікі ўчастак зямлі, заняты спецыяльнай сельскагаспадарчай культурай. Плантацыя грэчкі. □ Мы наяве ўбачылі блакітныя азёры льноў, каласістыя масівы жыта, пшаніцы, кукурузы, шырокія плантацыі агародаў. Бялевіч.

[Ад лац. plantatio — пасадка.]

планша́йба, ‑ы, ж.

Спец. Прыстасаванне, якім заціскаюць дэталі ў час апрацоўкі на металарэзных станках.

[Ням. Planscheibe.]

планшэ́т, ‑а, М ‑шэце, м.

1. Спец. Дошка з нацягнутай на яе паперай, на якую наносіцца план мясцовасці пры здымках. Трэба ведаць, як маршрут на планшэт панесці. Гілевіч.

2. Спец. План мясцовасці, атрыманы пры геадэзічнай здымцы.

3. Плоская сумка, празрыстая з верхняга боку, у якой носяць карты (тапаграфічныя і інш.). Вымаючы з планшэта карту, Шутаў з хваляваннем пазіраў — вылічваў — колькі яшчэ да граніцы. Мележ.

[Фр. planchette.]

планшэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і планшэт (у 1, 3 знач.). — Добра, заставайся са мной, — сказаў Дулеба да Міколы і дастаў з планшэткі карту. Шчарбатаў. Планшэтку можна было раскласці, як сшытак, а потым скласці назад і зашпіліць на раменьчык. Кудравец.

планшэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да планшэта.

пласкаве́рхі, ‑ая, ‑ае.

З плоскім верхам. Пласкаверхія горныя масівы.

пласкаго́р’е, ‑я, н.

Вялікае ўзвышша (звычайна вышэй 500 м над узроўнем мора) з роўнай або злёгку хвалістай паверхняй.