Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

буксі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Цягнуць за сабой на буксіры (у 1 знач.) судна, аўтамашыну і пад. «МАЗамі» лес падавалі .. да прыстаняў, а ўжо адтуль што буксіравалі на Гомель, а што на беразе штабелявалі да веснавога сплаву. Карамазаў.

[Ад гал. boegseren.]

буксі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да буксіра. Буксірны трос, крук.

2. Які цягне што‑н. за сабой на буксіры (у 1 знач.). Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны кацер і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

буксіро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да буксіроўкі.

буксіро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксіраваць.

буксо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксаваць.

бу́кта, ‑ы, ДМ ‑кце, ж.

Абл. Глыбокае месца, яма, вір у рацэ, возеры і пад. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту, каб потым не бегаць, як кот з падсмаленым хвастом. Колас.

бу́ла, ‑ы, ж.

Гіст. Папская грамата, папскае пасланне.

[Лац. bulla.]

булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.

1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.

2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.

3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.

4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.

булаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Патаўшчэнне ў выглядзе шара, мнагагранніка і пад. на верхнім канцы палкі, кійка і пад.

2. Разм. Патаўшчэнне на стрыжні, на ствале; нараст.

була́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. ласк. Кабыла буланай масці. Асядлаўшы буланку, [брыгадзір] паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль.