Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бало́нь, ‑і, ж.

Разм. Нізкі заліўны луг каля ракі. Разлілася рака. Яна выйшла з берагоў і заліла балонь на левым беразе аж да лесу. Чарнышэвіч.

бало́та, ‑а, М ‑лоце, н.

1. Нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю. Тарфяное балота. Багністае балота. Асушэнне балот. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.

2. толькі адз. Разм. Вялікая гразь на вуліцы, у двары. Балота скрозь на ўсім двары, Куды ні кінеш вокам — смецця горы. Корбан.

3. толькі адз.; перан. Усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Мяшчанскае балота. □ — Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй, — сказаў Сымон. — Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці. Чарнышэвіч.

балотазна́ўства, ‑а, н.

Навука пра балоты і іх спецыфічныя ландшафты, пра іх развіццё і гаспадарчае выкарыстанне; галіна геаграфіі. [Прафесар:] — Раней тут былі азёры. З цягам часу яны пазарасталі, ператварыліся ў балоты.. Гэтая распаўсюджаная з’ява вам вядома з курса балотазнаўства. Дуброўскі.

балотаўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з утварэннем балот. Самым характэрным для Палесся з’яўляецца шырокае развіццё балотаўтваральнага працэсу, які прывёў да наяўнасці велізарнай плошчы балот і забалочаных зямель. «Беларусь».

балотаўтварэ́нне, ‑я, н.

Паступовае ператварэнне нізінных занадта вільготных мясцін у балоты.

бало́тнік, ‑у, м.

Расліна сямейства балотнікавых; вадзяная зорачка.

бало́тнікавыя, ‑ых.

Сямейства раслін, пераважна аднагадовых траў з лістамі, якія цалкам знаходзяцца ў вадзе, або маюць, акрамя лісця, лісцевую разетку, што плавае на паверхні вады.

бало́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балота; уласцівы балоту. Балотная твань. Балотныя глебы. // Прызначаны для работы на балоце. Балотны плуг. Балотныя боты. // Які расце, жыве на балоце. Балотная трава. Балотная птушка. □ Над грэбляй пранеслася шыракакрылая балотная сава. Самуйлёнак.

•••

Балотная ліхаманка гл. ліхаманка.

Балотны бабёр гл. бабёр.

Балотны газ гл. газ ​1.

бало́тца, ‑а, н.

Невялічкае балота. Балотца наша — нешта сярэдняе паміж балотам і сажалкай: вясною яно ператвараецца ў сапраўдную сажалку, а ў летнюю спёку — у сапраўднае камарынае балота. Якімовіч.

бало́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і балаціна. Балоціна была ўся ў пнях і ў лазняку, а трава там радзіла добрая... Ракітны. Каб ямчэй было потым нарыхтоўваць, капаць торф у балоціне, бульдозер выварочваў і ссоўваў на межы смольныя пні. Капыловіч.