Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фартэпія́на, нескл., н.

Клавішны струнны музычны інструмент (раяль і піяніна). Піяніст жмурыўся. Нібы жывая істота, уздыхала фартэпіяна. Мікуліч.

[Іт. fortepiano.]

фартэпіяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Выканаўца музычных твораў на фартэпіяна.

фартэпіяні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фартэпіяніст.

фартэпія́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фартэпіяна. Фартэпіянныя клавішы. // Звязаны з ігрой на фартэпіяна. Фартэпіянны канцэрт. // Які выконваецца на фартэпіяна, напісаны для выканання на фартэпіяна.

фартэпія́ншчык, ‑а, м.

Разм.

1. Майстар па вырабу драўляных частак фартэпіяна.

2. Фартэпіянны настройшчык.

фартэ́цыя, ‑і, ж.

Уст. Невялікае ўмацаванне, крэпасць. // перан. Разм. Пачатак, аснова чаго‑н. [Старшыня:] — Вось мы і надумаліся залажыць тут [у пасёлку] ядро, фартэцыю нашага калгаса, яго штаб. Колас.

[Польск. forteca ад іт. fortezza.]

фарфо́р, ‑у, м.

1. Штучна прыгатаваная мінеральная маса з высакаякаснай гліны белага колеру, з якой вырабляюць посуд, дэкаратыўныя рэчы, ізалятары і пад. Фарфор не з’яўляецца правадніком электрычнасці.

2. зб. Вырабы з такой масы. Выстаўка старадаўняга фарфору.

[Ад перс. фегфур.]

фарфо́равы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фарфору. Фарфоравая маса. Фарфоравы завод. Фарфоравая прамысловасць. // Зроблены з фарфору. Фрау важна сядзела за сталом і лена папівала каву з маленькага фарфоравага кубачка. Брыль. Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст. Карпаў.

2. Падобны па свайму выгляду або па якасцях да фарфору. Як не хацеў дзед, каб яны пераязджалі ў горад. Ён і памёр, каб не пакідаць гор, цяністага могільніка і сіняга, фарфоравага неба над галавой. Асіпенка.

фарцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Разм. Купля або абмен рэчаў у чужаземцаў і спекуляцыя імі.

фарцо́ўшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто займаецца фарцоўкай.