Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удзя́чнасць, ‑і, ж.

Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.

удзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

удму́рт,

гл. удмурты.

удму́ртка,

гл. удмурты.

удму́рты, ‑аў; адз. удмурт, ‑а, м.; удмуртка, ‑і, ДМ ‑тцы; мн. удмурткі, ‑так; ж.

Народ, які складае асноўную частку насельніцтва Удмурцкай АССР.

удму́рцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да удмуртаў, які належыць, уласцівы ім. Удмурцкая мова.

удне́ць, ‑ее; безас. зак.

Разм. Развіднець. З дома [мы з сястрой] выйшлі на вуліцу, як ужо добра ўднела. Сабаленка. Ніна засталася ў ельнічку, каб пачакаць, пакуль уднее. Мележ.

удо́він, ‑а.

Які належыць удаве, уласцівы ёй. Удовін сын. Удовіна гаспадарка. □ [Матруна] была дужаю кабетай, якая яшчэ не адчувала цяжару гадоў, але затое паспытала ўжо смаку ўдовінай долі. Марціновіч.

удо́вы, ‑ая.

Разм. Які (якая) з’яўляецца ўдаўцом (удавой). Даказана і войнамі, і голадам. Што падаюць раней Мужчыны-волаты. Жанчыны ж Застаюцца жыць удовымі, Засмучаныя думкамі бядовымі. Свірка. А можа дзядзька Ігнат быў у гэты перыяд жыцця ўжо ўдовы? «Полымя».

удо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Птушка сямейства ўдодавых са стракатым апярэннем, веерападобным чубам і доўгай загнутай уніз дзюбай.