Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удава́, ‑ы; удовы, удоў; ж.

Жанчына, якая не выйшла замуж пасля смерці мужа. Водгук на чужое гора жыў у .. сэрцы [бабкі Мар’і], бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана застаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. Колас. Мужа кулі скасілі — затужыла ўдава: Спаць яму ў магіле — Ёй дзяцей гадаваць. Непачаловіч.

•••

Саламяная ўдава (жарт.) — жанчына, якая знаходзіцца ў часовай разлуцы з мужам (пераклад ням. Strohwitwe).

уда́вавыя, ‑ых.

Сямейства неядавітых змей, да якога належаць удавы.

удава́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які выдаецца за сапраўднае; прытворны. [Мяшчанства] ганарыцца ўдаванымі заслугамі, дарма што на староннія вочы няма ў ім ніякай вагі і значнасці. Лужанін. — А-а, Васіль... — з удаванай абыякавасцю сказаў .. [Будрыс]. Караткевіч.

удава́цца, удаюся, удаешся, удаецца; удаёмся, удаяцеся; незак.

1. Незак. да удацца.

2. Абл. Заляцацца. Да зялёнай каліны Прылятала зязюля; Да дзяўчыны-маліны Удаваўся Януля. Купала.

удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.

Разм.

1. Незак. да удаць.

2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.

3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.

удаве́ц, удаўца, м.

Мужчына, які не жаніўся пасля смерці жонкі. Фэлькава жонка памерла рана, і дзед жыў удаўцом. С. Александровіч.

•••

Саламяны ўдавец (жарт.) — мужчына, які знаходзіцца ў часовай разлуцы з жонкай (пераклад ням. Strohwitwer).

удаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Жыць удавою або ўдаўцом. // Быць адзінокім, пакінутым, занядбаным. Сялянка сціплая — Матчына хата Пры самай дарозе ўдавее. Барадулін.

удаві́ны, ‑ая, ‑ае.

Які належыць, уласцівы ўдаве; такі, як ва ўдавы. Удавіная доля.

удаві́ца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і удава. Хоць ёй было ўжо далёка за сорак і ўдавіца добра-такі раздалася ў стане, яна яшчэ маладзілася і паглядала на мужчын. Машара.

удаві́цца, удаўлюся, удавішся, удавіцца; зак.

Задыхнуцца ад чаго‑н. засеўшага ў горле. Удавіцца кветкай. Удавіцца яблыкам. // Лаянк. Ужываецца як праклён. [Сяргей:] — Калі так, дык на чорта мне і дачка твая, бяры яе з грашыма сваімі, удавіся... Галавач.