удо́він, ‑а.
Які належыць удаве, уласцівы ёй. Удовін сын. Удовіна гаспадарка. □ [Матруна] была дужаю кабетай, якая яшчэ не адчувала цяжару гадоў, але затое паспытала ўжо смаку ўдовінай долі. Марціновіч.
удо́вы, ‑ая.
Разм. Які (якая) з’яўляецца ўдаўцом (удавой). Даказана і войнамі, і голадам. Што падаюць раней Мужчыны-волаты. Жанчыны ж Застаюцца жыць удовымі, Засмучаныя думкамі бядовымі. Свірка. А можа дзядзька Ігнат быў у гэты перыяд жыцця ўжо ўдовы? «Полымя».
удо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Птушка сямейства ўдодавых са стракатым апярэннем, веерападобным чубам і доўгай загнутай уніз дзюбай.
удо́давы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ўдода, належыць яму.
2. у знач. наз. удо́давыя, ‑ых. Сямейства птушак, да якога належыць удод.
удо́й, ‑ю, м.
Колькасць малака, надоенага за адзін раз або за які‑н. перыяд часу. Ранішні ўдой. Сутачны ўдой. Радавы ўдой. □ [Вера] прынесла з пограба ўчарашні дзённы і вячэрні ўдой, зліла разам у бітон і сказала мужу: — Адзінаццаць літраў. Пальчэўскі.
удо́йлівасць, ‑і, ж.
Тое, што і удойнасць (у 1 знач.).
удо́йлівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і удойны (у 2 знач.).
удо́йнасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць жывёлы даваць тую або іншую колькасць малака. Правільны догляд за каровамі амаль удвая павысіў іх удойнасць. «Полымя».
2. Тое, што і удой.
удо́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Атрыманы з аднаго ўдою. Удойная колькасць малака.
2. Які дае многа малака, вялікі ўдой. Удойныя каровы.
удо́сталь, прысл.
1. Дастаткова, у дастатковай ступені. Магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч. За паўтара года вайны пакут хапіла ўдосталь. Навуменка. // у знач. вык. Многа, даволі. [Дармідон] яшчэ зранку пайшоў у сталярню — там рабілі парніковыя рамы, і работы яму цяпер было ўдосталь. Сабаленка.
2. Разм. Уволю, колькі хочацца. Дзед прыняў іх [узброеных людзей] за партызан, накарміў удосталь і нават чарку паставіў. Шчарбатаў. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта. Гартны.