удвае́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. удвойваць — удвоіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. удвойвацца — удвоіцца.
удваі́х, прысл.
Колькасцю ў дзве асобы рознага полу або істоты ніякага роду. Жнуць удваіх, маці з сынам. Мележ. Са мной ідзе мая дачка З партфелем, поўным кніг. Ёй — да званка, мне да гудка, Спяшаемся ўдваіх. А. Александровіч.
удвайне́, прысл.
У двайным памеры; удвая. Так вось ходзім і гутарым мы з Марыяй Макарэвіч, і мне прыемна ўдвайне: і што слаўная яна такая жанчына і што слава ніколечкі яе не сапсавала. Васілевіч. [Саўка:] — З добраю жонкаю гора — паўгора, а радасць удвайне. Гурскі.
удвая́, прысл.
У два разы, удвайне (пры параўнанні). Падлікі здзівілі .. [Канькова і Веру]. Даход ад малака ўдвая перавышаў даходы ад зерня. Асіпенка. [Зыбін:] — Што ж, дарагім гасцям пашана, а земляку — удвая!.. Мележ. // Папалам. Не чакаючы майго запытання,.. [Вейс] дастае з патайной кішэні ўдвая складзены ліст паперы і схіляецца, падаючы яго мне. Ракітны.
удво́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад удвоіць.
2. у знач. прым. У два разы большы. Удвоеная порцыя.
удво́іцца, удвоіцца; зак.
Павялічыцца ўдвая, падвоіцца.
удво́іць, удвою, удвоіш, удвоіць; зак., што.
Павялічыць удвая, падвоіць. Удвоіць ураджай.
удво́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да удвоіцца.
2. Зал. да удвойваць.
удво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да удвоіць.
удво́х, прысл.
Абл. Удвух. Вось адбіта мяжа ўся — Аглядаем удвох. Куляшоў.