удзячны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. ▪ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. ▪ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. ▪ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)