Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́ўчкі, прысл.

1. Нічога не гаворачы. Чалавек стаяў моўчкі, разгублена цёр шыю. Новікаў. Вера слухала .. [Анісіма] моўчкі, не перастаючы збіраць ягады. Сачанка.

2. перан. Не пратэстуючы, пакорліва, маўкліва. Моўчкі скарыўся лёсу, Моўчкі цярплю хваробу. Жычка. Усе сядзелі моўчкі, бо надзеі на вызваленне ўжо не было. Федасеенка.

3. перан. Паціху, тайком. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. Колас.

мох, РДМ моху і імху, Т мохам і імхом; мн. імхі, імхоў; м.

Споравая расліна без каранёў і кветак, якая сцелецца або расце ў вільготных мясцінах, на дрэвах, каменні. Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам. Пестрак. Хатка была старая, пахілая, на страсе рос зялёны мох і нават кусцікі нейкай травы. Сіняўскі. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху. Брыль.

•••

Аленевы мох — назва кусцістага шаравата-зялёнага або белага лішайніка, які служыць кормам для паўночных аленяў.

Абрасці мохам гл. абрасці.

мо́хавы, ‑ая, ‑ае і махавы́ 2, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да моху; састаўной часткай якога з’яўляецца мох. Грыбны ўгар нядоўгі. Тыдзень-другі, ад сілы тры, і баравікі паступова пачынаюць знікаць. І толькі заўзятыя грыбнікі ўсё яшчэ працягваюць таптаць у барах мяккі мохавы дыван. Ігнаценка. Маладняк і махавое покрыва выгараць у яловым лесе гэтак жа, як і ў сасновым. Гавеман. // Які зарос мохам. Зялёнай кругловінай называўся невялічкі грудок на мохавым балоце, зарослы маладым дубняком і арэшнікам. Паслядовіч.

мохападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да моху.

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

моцнагало́сы, ‑ая, ‑ае.

Які мае моцны голас. Высокі, шыракагруды, моцнагалосы стаяў .. [Маякоўскі] побач з трыбунай перад вялікай перапоўненай залай ва ўвесь свой велічэзны рост. «Беларусь».

моцнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і моцнадзеючы.

моцнадзе́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які моцна дзейнічае. Моцнадзеючае лякарства.

мо́цнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць моцнага (у 1 знач.).

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.