мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)