Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балка́рцы, ‑аў; адз. балкарац, ‑рца, м.; балкарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. балкаркі, ‑рак; ж.

Народ, які складае частку насельніцтва Кабардзіна-Балкарскай АССР.

балко́н, ‑а, м.

1. Пляцоўка з поручнямі, прыбудаваная знадворку да сцяны дома і злучаная дзвярамі з унутраным памяшканнем. У кватэрах прадугледжаны і газавыя пліты, і прасторныя балконы, і душавыя пакоі, і зручныя сценныя шафы. Грахоўскі.

2. Месца для гледачоў у сярэдніх і верхніх ярусах тэатра. Першы рад балкона.

[Іт. balcone.]

балко́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балкона. Балконныя дзверы.

бало́метр, ‑а, м.

Высокаадчувальны прыбор для вымярэння энергіі выпраменьвання.

[Грэч. bolē — прамень і metron — мера.]

бало́н, ‑а, м.

1. Металічная, шкляная або гумавая пасудзіна для газаў ці вадкасці. На вадзе, крокаў за дзесяць ад берага, пагойдвалася паміж абшарпаных пантонаў чырвоныя балоны земснарада. Чыгрынаў.

2. Гумавая аўтамабільная і інш. камера, якая напаўняецца паветрам. Шафёр выскачыў з машыны і заклапочана стукаў наском чаравіка па залатаных балонах. Шамякін.

3. Газанепранікальная абалонка аэрастата, дырыжабля і інш.

[Фр. ballon.]

бало́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Абл.

1. Аконнае шкло, шыба. Побач лена, нібы засынаючы на зіму, гудзе муха: спрабуе пераадолець незразумелую перашкоду — балонку акна, праз якую і ўсё відно і не вылеціш... Сіпакоў.

2. Уст. Старонка кнігі, часопіса. Не кранулі мае пальцы Ні балонкі з гэтых твораў. Глебка.

бало́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай шэрсцю.

[Ад геагр. назвы.]

бало́нне, ‑я, н.

Разм. Тое, што і балонь. Адсюль ужо відаць рэчка і вялікае балонне, усё залітае вадою. Лупсякоў.

бало́нневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балонні. // Зроблены з балонні. Балонневы плашч. Балонневая куртка.

бало́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да балона. Балонная газіфікацыя. // Прызначаны для вытворчасці балонаў. Балонны цэх.

бало́ння, ‑і, ж.

Капронавая плашчавая тканіна з аднабаковым непрамакальным пакрыццём. Паўлік быў у куртцы з балонні. Гаўрылкін. // Разм. Плашч або куртка з такой тканіны.