Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

філама́т, ‑а, М ‑маце, м.

Член тайнага студэнцкага таварыства Віленскага універсітэта, якое існавала ў 1817–1823 гг. і аб’ядноўвала моладзь з Беларусі, Літвы і Польшчы.

[Ад грэч. philomáthēs — аматар ведаў.]

філантрапі́зм, ‑у, м.

Занятак філантропіяй.

філантрапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да філантропіі, філантропа. Філантрапічнае таварыства.

філантро́п, ‑а, м.

Той, хто займаецца філантропіяй; дабрачынец. — Міхаіл Палікарпавіч — дабрэйшы чалавек, — сказаў [Пілацееў], звяртаючыся да агранома. — Вялікі філантроп і палітык у больш шырокім сэнсе гэтага слова, чым мы. Галавач.

філантро́пія, ‑і, ж.

Дапамога бедным, заступніцтва за бедных; дабрачыннасць. Гуманізм.. [новага чалавека Маякоўскага] варожы якой-небудзь сентыментальнасці, філантропіі, пацыфізму. «Полымя». // Уст. Чалавекалюбства.

[Грэч. philanthrōpia.]

філантро́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Жан. да філантроп.

філармані́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да філармоніі; звязаны з дзейнасцю філармоніі. Філарманічны канцэрт. Філарманічны аркестр.

філармо́нія, ‑і, ж.

Установа, якая займаецца арганізацыяй канцэртаў і прапагандай музычнай культуры. Атрымаўшы права запрасіць у 1960 годзе адзін з лепшых калектываў СССР на святкаванне 950‑годдзя свайго горада, Яраслаўская філармонія запрасіла нашу капэлу. «Звязда». У 1932 годзе адкрыліся кансерваторыя, вялікі сімфанічны аркестр пры радыёкамітэце, філармонія і інш. «Беларусь». Доўга стаяў.. [танк] на Камароўскай развілцы, прыкладна насупраць таго месца, дзе цяпер узвышаецца будынак Дзяржаўнай філармоніі. Беразняк.

[Ад грэч. philos — сябар і harmonia — гармонія, музыка.]

філарэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

Член тайнага студэнцкага таварыства Віленскага універсітэта, якое ўзнікла ў 1820 г.

[Ад грэч. philaretos — аматар дабрачыннасці.]

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]