філасофія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. ▪ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)