Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фікс, ‑у, м.

Спец.

1. Устаноўленая цана на тавары.

2. Дакладна ўстаноўленая сума ўзнагароды, аплаты за які‑н. від работы.

[Ад лац. fixus — нерухомы, нязменны.]

фіксава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фіксаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. фіксавацца. Фіксаванне сігналу. Фіксаванне малюнка. Фіксаванне плёнкі.

фіксава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад фіксаваць.

фіксава́цца, ‑суецца; незак.

1. Спец. Замацоўвацца ў адпаведным становішчы. Дэталь фіксуецца.

2. Адзначацца, замацоўвацца, запісвацца (у свядомасці, на паперы і пад.).

3. Сканцэнтроўвацца, з’асяроджвацца.

4. Канчаткова вызначацца, устанаўлівацца.

5. Зал. да фіксаваць.

фіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

1. Спец. Замацоўваць што‑н. у адпаведным становішчы. Фіксаваць рэйку.

2. Адзначаючы, вылучаць, замацоўваць што‑н. у свядомасці, памяці і пад. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і.. [Шыковіч] усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Шамякін. // Адзначаць, замацоўваць з дапамогай запісу, фатаграфіі і пад. Выдаткаванне электраэнергіі фіксуе лічыльнік. □ Выхад з друку кожнага дыялектнага слоўніка трэба толькі вітаць, асабліва калі ён фіксуе яшчэ мала даследаваныя гаворкі. «Полымя».

3. Сканцэнтроўваць, накіроўваць. Фіксаваць увагу.

4. Канчаткова ўстанаўліваць, замацоўваць. Фіксаваць заработную плату.

5. Спец. Апрацоўваць якім‑н. рэактывам клеткі і тканкі жывых арганізмаў для кансервацыі іх структуры і хімічнага саставу. Фіксаваць тканку фармалінам.

6. У фатаграфіі — апрацоўваць фіксажам. Фіксаваць фотаплёнку.

7. Пакрываць фіксатывам. Фіксаваць малюнак.

8. Спец. Усмоктваць, засвойваць. Карэнні раслін фіксуюць глебавую кіслату.

[Ад фр. fixer.]

фікса́ж, ‑у, м.

Хімічны раствор, у якім прамываюць пасля праяўлення фатаграфічную плёнку, пласцінку або адбітак з яе для замацавання відарыса.

[Фр. fixage.]

фікса́тар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прыбор, прыстасаванне для рэгулявання, замацоўвання чаго‑н.

2. ‑у. Спец. Хімічныя рэчывы, якімі фіксуюць клеткі, тканкі, органы для захавання іх прыжыццёвай структуры.

3. ‑а. Той, хто фіксуе (у 2 знач.) што‑н. У сучасным мастацтве, гаворыць Міхась Савіцкі, ёсць нямала прыкладаў, калі натура бярэ верх. Творца становіцца фіксатарам. «Маладосць».

[Фр. fixateur.]

фікса́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіксатара, прызначаны для фіксатара. Фіксатарны кранштэйн. Фіксатарны ізалятар.

фіксатуа́р, ‑у. м.

Памада для прыгладжвання валасоў, якая надае прычосцы адпаведную форму.

[Фр. fixatoir.]

фіксаты́ў, ‑тыву, м.

Спец. Раствор, якім пакрываюць карандашныя малюнкі, чарцяжы, каб захаваць іх ад псавання.

[Фр. fixatif.]