фія́кр, ‑а, м.
Наёмны лёгкі экіпаж у гарадах Заходняй Еўропы.
[Фр. fiacre.]
фія́л, ‑а, м.
1. У старажытных грэкаў — шырокая неглыбокая чаша з тонкімі сценкамі і злёгку загнутымі ўнутр берагамі. // Уст. паэт. Бакал, кубак. / у перан. ужыв. Фіял нянавісці.
2. звычайна мн. (фія́лы, ‑аў). У архітэктуры — невялікія вежы, увянчаныя высокімі востраканцовымі пірамідамі. Невялікія вежы на фасадзе напамінаюць фіялы бельгійскіх цэркваў. «Помнікі».
фіяле́тавы, ‑ая, ‑ае.
Сіні з чырванаватым адценнем, колеру фіялкі. Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. Над балотам, за ракой, у фіялетавым небе загарэлася зорка. Асіпенка.
[Фр. violet.]
фія́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Травяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі або белымі ці рознакаляровымі кветкамі. Ёсць пралеска яшчэ, Ёсць фіялка лясная — Кветкі ранняй вясны, — Хто ж у нас іх не знае?.. Кусянкоў.
[Ад лац. viola.]
фія́лкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фіялкі. Фіялкавы пах.
2. Які мае колер фіялкі, фіялетавы.
3. у знач. наз. фія́лкавыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца фіялкі.
•••
Фіялкавы корань гл. корань.
фіярыту́ра, ‑ы, ж.
1. Арнаментальны пасаж (у 2 знач.), які ўпрыгожвае мелодыю.
2. перан. Пра што‑н. дабаўленае, прыдадзенае для ўпрыгожання, ажыўлення чаго‑н.
[Іт. fioritura.]
фіярыту́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фіярытуры. Фіярытурная манера выканання. // Надзелены фіярытурамі. Фіярытурнае спяванне.
фія́ска, нескл., н.
Кніжн. Няўдача, правал. — Ну, калі так, Змітро, — звяртаецца.. [Васіль] да мяне, — тады ні гу-гу... што я пацярпеў фіяска... Кавалёў.