фіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

1. Спец. Замацоўваць што‑н. у адпаведным становішчы. Фіксаваць рэйку.

2. Адзначаючы, вылучаць, замацоўваць што‑н. у свядомасці, памяці і пад. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і.. [Шыковіч] усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Шамякін. // Адзначаць, замацоўваць з дапамогай запісу, фатаграфіі і пад. Выдаткаванне электраэнергіі фіксуе лічыльнік. □ Выхад з друку кожнага дыялектнага слоўніка трэба толькі вітаць, асабліва калі ён фіксуе яшчэ мала даследаваныя гаворкі. «Полымя».

3. Сканцэнтроўваць, накіроўваць. Фіксаваць увагу.

4. Канчаткова ўстанаўліваць, замацоўваць. Фіксаваць заработную плату.

5. Спец. Апрацоўваць якім‑н. рэактывам клеткі і тканкі жывых арганізмаў для кансервацыі іх структуры і хімічнага саставу. Фіксаваць тканку фармалінам.

6. У фатаграфіі — апрацоўваць фіксажам. Фіксаваць фотаплёнку.

7. Пакрываць фіксатывам. Фіксаваць малюнак.

8. Спец. Усмоктваць, засвойваць. Карэнні раслін фіксуюць глебавую кіслату.

[Ад фр. fixer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)