Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарту́на, ‑ы, ж.

Кніжн.

1. Удача, поспех; шчаслівы лёс. Дземідзецкі адчуў, што фартуна, нарэшце, павярнулася да яго сваім тварам. Новікаў.

2. Уст. Багацце, маёмасць. Госці раз’ехаліся, і Казімір Рэклайціс, гаспадар бацькоўскай фартуны, стаў жыць адзін, праводзячы час з парабкамі. Пестрак.

[Лац. fortuna.]

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

фартухо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фартуха. Фартуховы матэрыял.

фартушо́к, ‑шка, м.

Памянш.-ласк. да фартух (у 1 знач.); невялікі фартух. Мы і дома пасабляем: Я падлогу падмятаю, Фартушок надзеўшы, Люда Мые ў тазіку пасуду. А. Александровіч.

фа́ртынг, ‑а, м.

Самая дробная англійская манета, роўная 1/4 пенса.

[Англ. farthing.]

фарты́сіма,

Спец.

1. прысл. Мацней, чым фортэ.

2. нескл., н. Месца ў музычным творы, якое выконваецца такім чынам, а таксама само такое выкананне.

[Іт. fortissimo.]

фартыфіка́тар, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне фартыфікацыі.

фартыфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фартыфікацыі. Фартыфікацыйнае майстэрства. Фартыфікацыйныя работы.

фартыфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Навука аб умацаванні вайсковых пазіцый і спосабах абароны ад сродкаў паражэння. Лекцыі па фартыфікацыі і тактыцы.

2. Узвядзенне ваенных умацаванняў, а таксама гэтыя ўмацаванні. Палявая фартыфікацыя.

[Ад лац. fortificatio — умацаванне.]

фартэ́ль, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і фортэль. Можа праз гэтыя свае думкі я сёння такі фартэль выкінула, што зараз самой трохі сорамна і смешна. Шамякін. Грыгоніс і Ільінскі заўсёды знаходзілі яркія тыповыя дэталі, умелі выкінуць на сцэне вясёлы фартэль, чым выклікалі ў гледача бурнае захапленне. Рамановіч.