Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мексіка́нец,

гл. мексіканцы.

мексіка́нка,

гл. мексіканцы.

мексіка́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Мексікі, мексіканцаў; уласцівы мексіканцам. Мексіканскія песні.

мексіка́нцы, ‑аў; адз. мексіканец, ‑нца, м.; мексіканка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. мексіканкі, ‑нак; ж.

Нацыя, асноўнае насельніцтва Мексікі.

мел, ‑у, м.

Мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання і інш.; крэйда. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.

мелава́ны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: мелаваная папера гл. папера.

мелавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да мелу. Мелавыя распрацоўкі.

2. У састаў якога ўваходзіць мел; зроблены з мелу. Мелавыя горы.

3. Які колерам сваім нагадвае мел; белы. Мелавы твар.

4. Які мае адносіны да трэцяга геалагічнага перыяду мезазойскай эры. Мелавая фармацыя.

•••

Мелавы перыяд гл. перыяд.

меладра́ма, ‑ы, ж.

1. Уст. Драма са спевамі і музыкай.

2. Драматычны жанр і твор, якія характарызуюцца звышнатуральным драматызмам, знешнімі эфектамі, маралізацыяй. Гурткоўцы паказалі п’есу з дарэвалюцыйнага жыцця, нейкую меладраму з нешчаслівым каханнем. Краўчанка.

3. перан. Пра падзеі, перажыванні, якія выклікаюць смех сваёй ненатуральнасцю і прыўзнятасцю.

[Ад грэч. melos — песня, мелодыя і drama — дзеянне, сцэнічны наказ.]

меладраматы́зм, ‑у, м.

Празмерная чуллівасць, ненатуральнасць у паказе чаго‑н., уласцівая меладраме.

меладраматы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць меладраматычнага. Меладраматычнасць сюжэта.